2016-08-18 15:49:00

Новы Апостальскі нунцый прыбыў у Беларусь


18 жніўня 2016 г. у Беларусь прыбыў новы Апостальскі нунцый арцыбіскуп Габар Пінтэр. У Нацыянальным аэрапорце “Мінск” яго сустракалі ўсе члены Канферэнцыі Каталіцкіх Біскупаў у Беларусі. “Я вельмі рады ступіць нарэшце на беларускую зямлю. Было вельмі цікава назіраць з самалёта, якая ж прыгожая краіна Беларусь! У многім яна нагадала мне пра Венгрыю – так шмат палёў таксама і ў маёй краіне”, - сказаў прадстаўнік Папы ў інтэрв’ю афіцыйнаму сайту Каталіцкага Касцёла ў Беларусі www.catholic.by.

Дыпламат распавёў, што напачатку павінен пазнаёміцца з сітуацыяй вернікаў у Касцёле, дыялогам з Праваслаўнай Царквой і іншымі пытаннямі. “У першыя чатыры-шэсць месяцаў маім заданнем стане знаёмства з Касцёлам у Беларусі і людзьмі тут – палітыкамі, біскупамі, вернікамі, святарамі, законніцамі”, - сказаў ён. Па словах Апостальскага нунцыя, у кастрычніку адбудзецца яго сустрэча з Прэзідэнтам Беларусі.

Арцыбіскуп Габар Пінтэр адзначыў, што нядаўна размаўляў са Святым Айцом: “Я бачыўся з папам Францішкам 13 дзён таму, і практычна першым, аб чым зайшла гаворка, быў апошні візіт Прэзідэнта Аляксандра Лукашэнкі ў Рым і яго сустрэча з Пантыфікам, а таксама запрашэнне ў Беларусь. Папа Рымскі сказаў, што спадзяецца, што знойдзецца час і магчымасць для гэтага візіту. Я не магу сказаць, калі або як, але думаю, што сказанае Пантыфікам – штосьці пазітыўнае для Беларусі”, - заўважыў ён.

Арцыбіскуп Габар Пінтэр быў прызначаны новым дыпламатычным прадстаўніком Святога Айца ў Беларусі 13 мая 2016 г. Да гэтага ён працаваў у дыппрадстаўніцтвах Святога Пасаду на Гаіці, у Балівіі, Швецыі, Францыі, на Філіпінах і ў Аўстрыі.








All the contents on this site are copyrighted ©.