2016-08-22 09:58:00

Пантыфік заклікаў вальдэнсаў да супольнага сведчання


Папа Францішак пажадаў, каб “адметнасці паміж католікамі і вальдэнсамі не перашкаджалі пошуку формаў супрацоўніцтва ў сферы евангелізацыі, служэння бедным, хворым, мігрантам і аховы стварэння”. Аб гэтым гаворыцца ў “сардэчным і добразычлівым пасланні”, якое “на знак сваёй духоўнай блізкасці” Пантыфік скіраваў удзельнікам Сіноду Метадысцкіх і Вальдэнскіх Цэркваў. Форум праходзіць 21-26 жніўня ў Торэ-Пелічэ, на поўначы Італіі.

У лісце адпраўленымі праз кардынала Дзяржсакратара Пьетра Параліна Святы Айцец запэўніў вальдэнсаў у сваёй малітве і заклікаў працягваць шлях да поўнага адзінства, “каб больш плённа сведчыць аб Хрысце перад чалавецтвам, разам ідучы насустрач людзям нашага часу і перадаючы ім сэрца Евангелля”.

У сакавіку 2016 г. першы раз у гісторыі Святы Айцец прыняў на аўдыенцыі ў Ватыкане дэлегацыю Евангелічнай Царквы Вальдэнсаў. Да гэтага, 22 чэрвеня 2015 г. Францішак наведаў невялікі храм гэтай рэлігійнай супольнасці падчас свайго візіту ў Турын і там папрасіў у іх прабачэння за прычыненую католікамі шкоду. Францішак з’яўляецца першым Папам у гісторыі, які пераступіў парог вальдэнскага храма.

Гэта супольнасць пачала сваю дзейнасць у ХІІ ст. ідучы за сваім заснавальнікам Пятром Вальда, багатым чалавекам, які раздаў усю сваю маёмасць бедным, крытыкуючы вышэйшае духавенства за раскошу. Вальдэнсы не прызнавалі аўтарытэт Пантыфіка і патрабавалі рэформаў у Касцёле. У 1184 г. папа Луцый III наклаў на іх экскамуніку. На працягу стагоддзяў яны падвяргаліся пераследу.

Большасць вальдэнскіх супольнасцяў яшчэ з XІІ ст. існуе на прыальпійскай тэрыторыі Італіі, Францыі, Швейцарыі і Германіі. У 1532 г. яны прынялі кальвінісцкае вучэнне. У 1979 г. вальдэнсы і метадысты Італіі аб’ядналіся, стварыўшы Вальдэнскую Евангельскую Царкву і Саюз Вальдэнскіх і Метадысцкіх Цэркваў, які ўваходзіць ў Сусветную Раду Цэркваў. Вальдэнсы – гэта другая па колькасці хрысціянская супольнасць у Італіі, якая налічвае каля 100 тыс. вернікаў.








All the contents on this site are copyrighted ©.