2016-08-23 15:10:00

Папа: гандль людзьмі – злачынства супраць чалавечнасці


“Гандль людзьмі, органамі, прымусовая праца, прастытуцыя – усё гэта сучаснае рабства і злачынствы супраць чалавечнасці”, - нагадаў папа Францішак 23 жніўня 2016 г. праз свой профіль у сацыяльнай сетцы “Twitter”. Паведамленне Святога Айца было прымеркавана да Міжнароднага дня памяці ахвяраў гандлю рабамі і яго ліквідацыі. 

Апостальская Сталіца прыкладае вялізарныя намаганні ў барацьбе з сучасным рабствам. У чэрвені 2016 г. у Папскай акадэміі навук у Ватыкане адбыўся міжнародны саміт на гэту тэму. У ім прымалі ўдзел 150 прадстаўнікоў судовых органаў і палітыкаў з усяго свету, якія ўдзельнічаюць у сваіх краінах у барацьбе з гандлем людзьмі. 

Звяртаючыся да іх, Святы Айцец падкрэсліваў, што неабходна актывізаваць супрацоўніцтва рэлігійных лідэраў, палітыкаў, грамадскіх і гуманітарных арганізацый для барацьбы супраць усіх форм рабства і гандлю людзьмі. Ён адзначаў, што менавіта з гэтага трэба пачынаць будаваць лепшы свет. Папа лічыць, што Касцёл павінен удзельнічаць у палітыцы, асабліва вышэйшага парадку, бо яна, як адзначыў Павел VI, з’яўляецца вышэйшай формай любові.

Выкараненне такіх агідных з’яў, як новыя формы рабства, гандаль людзьмі, арганізаваная злачыннасць, незаконны абарот наркотыкаў і органаў, прастытуцыя, дзіцячая праца і выкарыстанне дзяцей у якасці салдат ва ўзброеных канфліктах, паводле слоў Святога Айца, залежыць ад перамогі над “глабалізацыяй абыякавасці”, якая ахапіла свет.  

Міжнародны дзень памяці ахвяраў гандлю рабамі і яго ліквідацыі адзначаецца штогадова з 1998 г. На 150-й сесіі выканаўчай рады ЮНЕСКА было рэкамендавана святкаваць гэтую дату ў памяць аб паўстанні рабоў Сан-Дамінга і Гаіці, якое адбылося ў 23 жніўня 1791 г.

Паводле інфармацыі Міжнароднай арганізацыі працы, на сённяшні дзень каля 21 млн. чалавек у свеце з'яўляюцца ахвярамі прымусовай працы. У 2010 г. Генеральная асамблея ААН прыняла Глабальны план дзеянняў па барацьбе з гандлем людзьмі, заклікаўшы ўрады ва ўсім свеце прыняць скаардынаваныя і паслядоўныя меры, каб перамагчы гэта зло.








All the contents on this site are copyrighted ©.