2016-08-23 17:14:00

Пасланнік Папы наведае радзіму Маці Тэрэзы


Францішак прызначыў кардынала Вінка Пуліча, старшыню Канферэнцыі Біскупаў Босніі і Герцагавіны, сваім спецыяльным пасланнікам на ўрачыстасці падзякі за кананізацыю Маці Тэрэзы з Калькуты. Яны пройдуць 11 верасня 2016 г. на радзіме будучай святой – у македонскім горадзе Скоп’е.

Кананізацыя Маці Тэрэзы адбудзецца 4 верасня 2016 г. у Ватыкане. Урачыстасці з гэтай нагоды будуць трываць у Рыме восем дзён.

Маці Тэрэза прыйшла на свет як Аньезэ Гонджа Баяджыў. Яна нарадзілася 26 жніўня 1910 г. у Скоп’е, у албанскай сям'і. Ва ўзросце 18 гадоў уступіла ў кангрэгацыю сясцёр ларэтанак. Праз год адправілася ў Індыю, дзе была настаўніцай у школе для дзяўчынак. Для служэння самым бедным і кінутым, заснавала ў 1949 г. кангрэгацыю Сясцёр Місіянерак Божай Любові, якая ў цяперашні час налічвае больш чым 5 тыс. членаў у 133 краінах на ўсіх кантынентах. 

У 1963 г. Маці Тэрэза заснавала мужчынскую манаскую кангрэгацыю Братоў Місіянераў Любові. У 1979 г. яна была ўдастоена Нобелеўскай прэміі міру. Памерла 5 верасня 1997 г. у Калькуце. Ян Павел II абвясціў яе благаслаўлёнай 19 кастрычніка 2003 г.

Папа Францішак 17 снежня 2015 г. упаўнаважыў Кангрэгацыю па справах Кананізацыі да апублікавання дэкрэту аб прызнанні цуду, здзейсненага праз заступніцтва благаслаўлёнай Маці Тэрэзы з Калькуты, што адкрыла шлях да яе кананізацыі.








All the contents on this site are copyrighted ©.