2016-08-25 11:45:00

Галоўны ватыканскі дыпламат: працягваецца дыялог з Кітаем


У Кітаі не існуе двух розных Касцёлаў – вернага Пантыфіку і падпарадкаванага ўраду – але “дзве супольнасці, які жадаюць жыць у поўнай еднасці з Наступнікам св. Пятра” і “нясуць з сабой гістарычны багаж момантаў вялікага сведчання і болю”, лічыць кардынал Дзяржсакратар Пьетра Паралін. Бліжэйшы супрацоўнік Святога Айца даў вялікае інтэрв’ю італьянскаму выданню “Avvenire”. Яно было апублікавана 24 жніўня 2016 г.

Адно з пытанняў, скіраванае да кіраўніка ватыканскай дыпламатыі, тычылася сітуацыі католікаў у Кітаі. Паводле яго слоў, Касцёл у гэтай краіне “ведае гераічных сведкаў Евангелля, раку святасці, якая часта схавана і невядома многім”. “Апостальская Сталіца жадае, каб у недалёкай будучыні, гэтыя дзве супольнасці прымірыліся, прынялі адна адну, дарылі і прымалі міласэрнасць дзеля супольнага абвяшчэння Евангелля, каб яно стала па-сапраўднаму пераканаўчым”, - адзначыў пурпурат.  

Па словах кардынала, “Папа Францішак вельмі жадае, каб былі пераадолены напружанасць і падзелы мінулага, каб можна было пісаць новую старонку гісторыі Касцёла ў Кітаі". "Я веру, што гэты шлях можа быць красамоўным прыкладам для ўсяго свету, будуючы паўсюль масты братэрства і еднасці”, - дадаў ён.

Кардынал Паралін лічыць, што адносіны Апостальскай Сталіцы з Кітаем “працягваюцца ў духу добрай волі з абодвух бакоў”. Святы Пасад асабліва зацікаўлены, “каб кітайскія католікі маглі станоўча перажываць сваю прыналежнасць да Касцёла і ў той жа час быць добрымі грамадзянамі і спрыяць умацаванню гармоніі ўсяго кітайскага грамадства”, сказаў ён.

Каментуючы міграцыйную праблему ў Еўропе, ватыканскі дыпламат не пагадзіўся з пазіцыяй некаторых краін, якія закрываюць дзверы перад мігрантамі, апраўдваючыся жаданнем абараніць сваю культурную тоеснасць, звязаную з хрысціянствам.

Паводле яго слоў, законныя і прававыя меры, якія краіна прымае для абароны сваёй культурнай тоеснасці, павінны адпавядаць “духу любові і міласэрнасці ў адносінах да кожнай асобы, пачынаючы з тых, хто знаходзіца ў найбольшай патрэбе, не робячы ніякай розніцы”.

Кардынал Паралін лічыць, што памылкова называць праблему ісламскага тэрарызму “рэлігійнай вайной”. “Паміж хрысціянствам і ісламам няма вайны. Пацвярджэннем гэтага з’яўляецца тое, што ад ісламскага тэрарызму гіне больш мусульман, чым хрысціян. Канешне, нельга адмаўляць таго факту, што баевікі “Ісламскай дзяржавы” інстурменталізуюць іслам, для апраўднання сваіх гвалтоўных дзеянняў. Іх заяўленні, у такім сэнсе, з’яўляюцца менавіта спробай абудзіць так званую “рэлігійную вайну”. Мы не павінны трапіць у іх пастку”, - сказаў пурпурат.

Паводле бліжэйшага супрацоўніка Святога Айца, для дасягнення міру ў свеце няма альтэрнатывы дыялогу. “Крытыка ці адмаўленне дыялогу паміж рэлігіямі, як наіўнага ідэалізму, мне ўяўяляецца знакам крайняга песімізму і з’яўляецца небяспечнай”, падзяліўся ён.

“На маю думку няма альтэрнатывы дыялогу, хоць ён і не будзе лёгкім. Перамога над культурнымі, палітычнымі, сацыяльным і рэлігійнымі непаразуменнямі, якія працягваюцца стагоддзямі і якія ўмацаваліся актуальнымі феноменамі, патрабуе вялікай цярплівасці, глыбокай увагі і павагі да ўсіх і павінна пачынацца з пераканання ў тым, што кожны чалавек мае аднолькавую годнасць”, - дадаў кіраўнік дыпламатыі Апостальскай Сталіцы.








All the contents on this site are copyrighted ©.