2016-08-25 14:33:00

Пантыфік заклікаў польскіх езуітаў да праніклівасці


Каб па-сапраўднаму дапамагаць людзям у іх канкрэтных жыццёвых сітуацыях і быць здольнымі прымаць добрыя рашэнні ў розных абставінах, не дастаткова мець ясныя і адарваныя ідэі, а неабходна здольнасць праніклівасці, сказаў Францішак польскім езуітам 30 ліпеня 2016 г., падчас свайго візіту ў Кракаў. Змест іх доўгай размовы, якая праходзіла за закрытымі дзвярыма, быў апублікаваны 25 жніўня на старонках італьянскага езуіцкага часопіса “La Civiltà Cattolica”. Аб ёй распавёў Ватыканскаму радыё галоўны рэдактар гэтага выдання кс. Антоніа Спадара.

Святы Айцец, паводле яго слоў, звяртаў увагу на патрэбу Касцёла ў людзях здольных да духоўнай праніклівасці. Ён падкрэсліваў, што сучасныя праграмы святарскай фармацыі прывучаюць пастыраў дзейнічаць паводле строгіх і ясных крытэрыяў, аднак, без належнага ўліку разнастайнасці канкрэтных сітуацыі. Францішак заклікаў выходзіць за рамкі падобнай мадэлі, лічыцца з канкрэтным жыццём людзей, быць праніклівымі.

На яго думку, святары павінны весці глыбокае духоўнае жыццё, каб распазнаваць звышнатуральную прысутнасць у жыцці і адрозніваць прысутнасць Бога ад прысутнасці спакусіцеля. “Папа выкарыстаў цудоўныя словы, кажучы, што не ўсё з’яўляецца чорным на белым або белым на чорным. У жыцці пераважаюць адценні шэрага. Трэба навучыцца праніклівасці, разуменню гэтых адценняў, дзе не ўсё ясна і выразна. Гэта рэальнае жыццё людзей”, - перадаў словы Святога Айца кс. Антоніа Спадара. 

Гаворачы пра адносіны святароў з моладзю, Францішак заклікаў быць шчырымі, сапраўднымі і праўдзівымі. У такім жа духу адказваць на іх пытанні, пазбягаючы “гатовых, упакаваных” адказаў. 

Праніклівасць, паводле Папы, служыць, каб сягаць да сутнасці пытанняў, каб разумець, дзе знаходзяцца самыя глыбокія карані праблемаў, каб думаць уласнай галавой, а не дазваляць ідэалагічным элементам абумоўліваць сябе.

Сустрэча Францішка з польскімі езуітамі насіла прыватны характар і праходзіла ў будынку Кракаўскай курыі. Яна не была прадугледжана афіцыйнай праграмай падарожжа Святога Айца ў Польшчу. Сам візіт Пантыфіка ў гэту краіну прайшоў 28-31 ліпеня 2016 г. з нагоды Сусветных дзён моладзі.








All the contents on this site are copyrighted ©.