2016-08-29 13:55:00

Заснавальнік “Facebook” на аўдыенцыі ў Францішка


Францішак прыняў на аўдыенцыі ў Ватыкане заснавальніка і генеральнага дырэктара сацыяльнай сеткі “Facebook” Марка Цукерберга. Сустрэча прайшла 29 жніўня 2016 г. у Апостальскім палацы. Амерыканскага праграміста і прадпрымальніка суправаджала жонка Прысцыла Чан.

У ходзе сустрэчы абмяркоўвалася “як выкарыстоўваць камунікатыўныя тэхналогіі для змягчэння вастрыні праблемы беднасці, спрыяння культуры сустрэчы і распаўсюджвання паслання надзеі, асабліва сярод самых абдзеленых”, паведаміў кіраўнік Залы Друку Апостальскай Сталіцы Грэг Бёрк.

Святы Айцец не ў першы раз сустракаецца з прадстаўнікамі сусветнай інтэрнэт-індустрыі. У студзені 2016 г. ён прыняў на аўдыенцыі кіраўніка амерыканскай карпарацыі “Google” Эрыка Шміта, а праз тыдзень кіраўніка “Apple” Цімаці Кука.

26 лютага Ватыкан наведаў заснавальнік “Instagram”  Кевін Сістром. Пасля з’яўленння профілю Францішка ў гэтай сацыяльнай сетцы Марк Цукерберг напісаў у “Facebook”: “Папа Францішак, вітаю у “Instagram”! Незалежна ад практыкаванай рэлігіі, нас усіх натхняе пакора і спачуванне папы Францішка”. 

Ён запэўніў, што будзе сачыць за профілем Пантыфіка і за яго “сталым абменам пасланнем міласэрнасці, роўнасці і справядлівасці ў свеце”. Трэба адзначыць, што ў красавіку 2012 г. кампанія “Facebook” набыла “Instagram”.








All the contents on this site are copyrighted ©.