2016-08-30 11:08:00

Святы Пасад прадстаўлены на Сусветным тыдні вады


Вада – гэта каштоўнасць, а таксама Боскі элемент, якім трэба карыстацца з павагай і ўдзячнасцю, адзначыў 29 жніўня 2016 г. кардынал Пітэр Тарксан, старшыня Папскай рады “Iustitia et pax” падчас Сусветнага тыдня вады, які праходзіць у Стакгольме.

Прадстаўнік Святога Пасаду выступіў у рамках сесіі, прысвечанай сувязі паміж веравызнаннямі і развіццём. “З каталіцкага пункту гледжання, наша планета, яе рэсурсы і экасістэмы з’яўляюцца цудоўным дарам”, таксама як і чалавечае жыццё, заўважыў пурпурат. Такім чынам, паводле яго слоў, “можна з лёгкасцю зразумець, што прырода прызначана для сумеснага карыстання ўсімі людзьмі, адным пакаленнем за другім і што ўся чалавечая сям’я павінна клапаціцца аб нашым супольным доме”. Падобныя ідэі падзяляюцца многімі рэлігіямі і духоўнымі традыцыямі, падкрэсліў ватыканскі іерарх.

На яго думку, навука можа вызначыць узровень забруджанасці, прадбачыць яе негатыўныя наступствы і прапанаваць сродкі аховы навакольнага асяроддзя, але не можа падштурхнуць да дзейнасці.

“Матывацыя да каштоўнасцяў з’яўляецца важным укладам, які рэлігійная вера і духоўныя практыкі могуць і павінны рабіць на карысць развіцця праз сваіх духоўных лідэраў і мноства вернікаў і прыхільнікаў”, - падкрэсліў пурпурат.

Кардынал Тарксан заўважыў, што рэлігійныя аб’яднанні могуць шмат зрабіць, каб паўсюдны і ўстойлівы доступ да пітной вады стаў рэальнасцю. Напрыклад праз выхаванне юнакоў і дзяўчат у духу салідарнасці, альтруіму і адказнасці, каб станавіліся сумленнымі кіраўнікамі і палітыкамі. 

“Святое Пісанне і духоўныя традыцыі дэманструюць, што вада – гэта каштоўны і нават Боскі элемент. Яна шырока выкарыстоўваецца ў літургіі, што павінна натхняць на выкарыстанне вады з павагай і ўдзячнасцю, аднаўляць забруджаныя водныя крыніцы і разумець, што вада – гэта не проста тавар”, - дадаў прадстаўнік Апостальскай Сталіцы.

Кардынал Тарксан адзначыў таксама каштоўнасць правядзення міжрэлігійных кампаній па ачыстцы рэк і азёр, якія садзейнічаюць узаемнай павазе, міру і сяброўству паміж прадстаўнікамі розных груп. Баронячы чалавечую годнасць і супольнае дабро чалавечай сям’і, рэлігіі ствараюць мудрую іерархію прыярытэтаў для выкарыстання вады, дадаў ён.

Сусветны тыдзень вады арганізуецца штогадова з 1991 г. Сёлета ён праходзіць з 28 жніўня па 2 верасня. Мерапрыемства збірае некалькі тысяч прадстаўнікоў урадавых арганізацый, бізнесмэнаў, навукоўцаў, грамадскіх актывістаў з больш чым 100 краін свету. 








All the contents on this site are copyrighted ©.