2016-09-02 21:31:00

Кананізацыя Маці Тэрэзы – духоўнае свята, якое паяднае свет


Духоўнае свята, якое паяднае людзей незалежна ад іх веравызнання і культуры – так была акрэслена кананізацыя Маці Тэрэзы з Калькуты, падчас прэс-канферэнцыі, якая прайшла 2 верасня 2016 г. у Ватыкане. 

Заснавальніца кангрэгацыі Сясцёр Місіянерак Божай Любові будзе абвешчана святой 4 верасня на галоўнай ватыканскай плошчы. Св. Імшу з гэтай нагоды ўзначаліць папа Францішак. На ўрачыстасць было распаўсюджана каля 100 тыс. білетаў, але складана прадбачыць фактычную колькасць людзей, якія прымуць у ёй удзел, распавёў кіраўнік Залы Друку Апостальскай Сталіцы Грэг Бёрк.     

Усмешка Маці Тэрэзы – гэта найлепшы падарунак Езусу і ўсяму свету, каб людзі не мелі смутку ў сэрцы і зразумелі, чым з'яўляецца радасць і надзея, якія паходзяць з сэрца, поўнага любові да Пана. Такім меркаваннем падчас ватыканскай прэс-канферэнцыі падзялілася цяперашняя настаяцельніца кангрэгацыі Сясцёр Місіянерак Божай Любові с. Марыя Прэма Перык. Гэта нямецкая законніца пазнаёмілася з Маці Тэрэзай у 1980 г. З 2009 г. яна кіруе манаскай супольнасцю, якую заснавала будучая святая.

Пастулятар кананізацыйнага працэсу айцец Браян Каладзейчук, таксама прысутны на прэзентацыі, назваў Маці Тэрэзу "святой для ўсіх": "бедных і багатых, людзей пакутуючых ад насілля і сухога сэрца, бо яна здолела прадэманстраваць, што зло і мізэрнасць, якую кожны мае, могуць быць прабачаны".

Сваім сведчаннем падчас прэс-канферэнцыі падзяліўся Марсільё Хадад Андрына – свецкі вернік з Бразіліі аздароўлены праз заступніцтва Маці Тэрэзы ад інфекцыі мозгу, якую ўрачы палічылі невылечнай. Медыкі заяўлялі, што пасля хваробы мужчына не зможа мець дзяцей, але і тут іх прагнозы не спраўдзіліся: Марсільё Хадад стаў бацькам. 

Дзякуючы супрацоўніцтву паміж ватыканскім Сакратарыятам па камунікацыі і кампаніяй "Mc360Photo" падчас кананізацыі будзе зроблена высокаякасная панарамная выява плошчы св. Пятра, напоўненай вернікамі. На ёй можна будзе разглядзець аблічча кожнага прысутнага на ўрачыстасці чалавека. Панарама з'явіцца на сайце www.motherteresasaint.com на наступны дзень пасля кананізацыі.








All the contents on this site are copyrighted ©.