2016-09-06 12:15:00

Папа да харчовых структур ААН пра прыклад Маці Тэрэзы


Папа Францішак пажадаў, каб прыклад Маці Тэрэзы служыў натхненнем у барацьбе з голадам і беднасцю ў свеце. З такімі словамі ён звярнуўся да кіраўніка Харчовай і сельскагаспадарчай арганізацыі Аб’яднаных Нацый (ФАО) Жазэ Грацыяна да Сілвы і выканаўчага дырэктара Сусветнай харчовай праграмы Эртарын Кузін. Кароткая размова паміж імі адбылася пасля кананізацыі Маці Тэрэзы з Калькуты 4 верасня 2016 г. на плошчы св. Пятра ў Ватыкане.

“Папа Францішак заклікаў працягваць нашу карысную працу і як гарачы прыхільнік барацьбы з голадам і недаяданнем, падкрэсліў сваю поўную гатоўнасць дапамагаць у гэтым”, - прыводзіць словы Грацыяна да Сілвы прэс-служба ФАО.  

У сваю чаргу Эртарын Кузін заўважыла, што Святы Айцец “амаль ва ўсіх сваіх прамовах заклікае накарміць галодных”. “Яго голас спрыяе таму, каб свет даў прыярытэтнае месца глабальнаму выкліку голада і недаядання”, - падкрэсліла дырэктар Сусветнай харчовай праграмы. 

Сустракаючыся з членамі ФАО ў чэрвені 2015 г. Святы Айцец заклікаў іх змагацца з голадам не маючы перад сабой ніякіх іншых мэтаў. Ён казаў таксама пра важнасць “змены стылю жыцця”, барацьбы з кліматычнымі зменамі і фінансавай спекуляцыяй, а краіны, ўрады і арганізацыі не “дэлегіраваць” адказнасць за вырашэнне праблемы голаду на іншых.








All the contents on this site are copyrighted ©.