2016-09-07 11:12:00

Папа заклікаў не ствараць фальшывых вобразаў Бога


Бог не паслаў свайго Сына ў свет, каб пакараць грэшнікаў і знічшыць дрэнных, але каб яны ўбачылі знакі Божай дабрыні і змаглі знайсці шлях да навяртання, адзначыў папа Францішак 7 верасня 2016 г. падчас агульнай аўдыенцыі на плошчы св. Пятра ў Ватыкане. У сваёй катэхезе Пантыфік нагадаў вернікам аб важнасці пазбягання памылковых уяўленняў пра Бога.

Папа спаслаўся на евангельскае апавяданне (Мц 11,2-6) ў якім Ян Хрысціцель, прабываючы ў вязніцы, скіраваў вучняў спытаць у Езуса ці з’яўляецца Ён абяцаным Месіяй. 

Хрысціцель з трывогай чакаў Збаўцу і прапаведваючы, апісваў Яго “моцнымі фарбамі, як суддзю, які нарэшце ўстановіць Валадарства Божае і ачысціць свой народ, узнагароджваючы добрых і караючы злых”. Езус, жа пачаў сваю публічную місію ў “іншым стыле”: прадстаўляючы сябе “канкрэтнай прыладай міласэрнасці Айца, якая ідзе насустрач усім нясучы суцяшэнне і збаўленне”, вяртаючы годнасць і здароўе сляпым, кульгавым, пракажонным, глухім, уваскрашаючы памерлых і абвяшчаючы Добрую Навіву ўбогім.

“Пасланне, якое Касцёл атрымлівае з гэтага апавядання пра жыццё Хрыста вельма яснае. Бог не паслаў свайго Сына ў свет, каб пакараць грэшнікаў ці знішчыць дрэнных. Наадварот, яны запрашаюцца да навяртання, каб убачыўшы знакі Божай дабрыні, маглі знайсці дарогу назад”, - сказаў Папа.

Па словах Францішка, справядлівасць, якую Ян Хрысціцель ставіў на першае месца у сваёй пропаведзі, у Езусе выяўляецца як міласэрнасць.

“Езус папярэджвае аб асаблівай небяспецы: калі веры кагосьці перашкаджаюць перш за ўсё Яго міласэрныя дзеянні, гэта значыць, што ён мае памылковае ўяўленне аб Месіі. Шчаслівыя, аднак тыя, хто перад жэстамі і словамі Езуса, узносіць хвалу Богу, каторы ёсць у небе”, - сказаў Пантыфік.

Святы Айцец падкрэсліў, што “папярэджанне Езуса, актуальнае заўсёды: таксама і сёння чалавек стварае вобразы Бога, якія перашкаджаюць адчуць смак Яго сапраўднай прысутнасці”. 

“Некаторыя выкраіваюць сабе веру накшталт “зрабі сам”, якая зводзіць Бога да абмежаванай прасторы ўласных жаданняў і перакананняў. Але гэта вера не з’яўляецца навяртаннем да Пана, які адкрываецца, а наадварот, перашкаджае Яму станавіцца заклікам да нашага жыцця і нашага сумлення”, - заўважыў Францішак.

Па словах Папы, памылковым з’яўляецца таксама звядзенне “Бога да ўзроўню фальшывага ідала”; выкарыстанне Яго святога імя “для апраўдання ўласных мэтаў або нават нянавісці і насілля”.

“Яшчэ для іншых Бог з’яўляецца толькі псіхалагічным прытулкам, у якім можна быць знайсці ўпэўненасць у цяжкія моманты. Гаворка ідзе пра веру засяроджаную на самой сябе, непрабіўную для сілы міласэрнай любові Езуса, якая падштурхоўвае ісці насустрач братам. Яшчэ іншыя лічаць Езуса толькі добрым настаўнікам этычных настаўленняў, адным з многіх у гісторыі. Нарэшце, ёсць тыя, хто здушвае веру да выключна ўнутраных адносін з Езусам, выкрэсліваючы яе місійны імпульс, здольны змяняць свет і гісторыю. Мы хрысціяне верым у Бога Езуса Хрыста і нашым жаданнем з’яўляецца ўзрастанне ў жывым пазнанні Яго таямніцы любові”, - падкрэсліў Святы Айцец.

Напрыканцы катэхезы Францішак заклікаў вернікаў працаваць над тым, каб не ствараць ніякіх перашкодаў для міласэрнай дзейнасці Бога і прасіць аб дары моцнай веры, каб станавіліся знакамі і прыладамі міласэрнасці. 








All the contents on this site are copyrighted ©.