2016-09-08 12:18:00

Пантыфік: мір будуецца праз штодзённыя жэсты


Прасіць у Бога аб “мудрасці”, каб будаваць мір вакол сябе, бо менавіта праз маленькія штодзённыя жэсты ўзнікае магчымасць для дасягнення міру ва ўсім свеце, заклікаў папа Францішак 8 верасня 2016 г. падчас ранішняй Эўхарыстыі ў Ватыкане – першай пасля перыяду летняга адпачынку.

У сваёй гаміліі Пантыфік спаслаўся на евангельскае апавяданне (Мц 1,18-23) пра св. Юзафа, якому ў сне з’явіўся Анёл і сказаў, каб не баяўся прыняць Марыю, бо яна дасць свету Эммануэля – “Бога з намі”, а гэта значыць мір. Францішак адзначыў, што мір – гэта Божы дар, які патрабуе супрацоўніцтва людзей, каб мог узрастаць і пашырацца. 

“І гэты шлях святых і грэшнікаў кажа нам, што мы павінны прыняць гэты дар міру і зрабіць яго дарогай нашага жыцця, дазволіць яму ўвайсці ў нас, дазволіць яму ўвайсці ў свет. Мір немагчыма будаваць па меры жадання. Мір – гэта дар, але над якім трэба працаваць штодзённа. Таму, можам сказаць, што мір – гэта дар, які робіцца рукамі людзей. Гэта мы, людзі павінны штодзённа рабіць адзін крок у напрамку міру: гэта наша праца. Гэта наша праца з атрыманым дарам”, - сказаў Папа.

Пантыфік заўважыў, што мір не можа быць пабудаваны на вялікіх міжнародных форумах. Евангелле, апавядаючы пра сціплую дзяўчыну, якой была Панна Марыя і горад Бэтлеем, якога нават не было на геаграфічных картах, кажа што мір узнікае перш за ўсё ў малых рэчах, напрыклад у сэрцы.

“Не дастаткова вялікіх мірных дэманстрацый, вялікіх міжнародных сустрэч, калі затым мір не будуецца ў малых рэчах. Больш за тое, ты можаш казаць пра мір цудоўнымі словамі, можаш праводзіць вялікія канферэнцыі, але калі ў малым, калі ў тваім сэрцы няма міру, калі ў тваёй сям’і няма міру, калі ў тваімі раёне няма міру, калі на тваім працоўным месцы няма міру, яго не будзе і ў свеце”, - сказаў Папа.

Святы Айцец заклікаў вернікаў глыбока паразважаць аб стане ўласных сэрцаў, аб тым, ці нясуць яны мір у свае сем’і і асяроддзі і прасіць Бога аб мудрасці будавання міру ў штодзённасці.








All the contents on this site are copyrighted ©.