2016-09-13 17:02:00

Асізі рыхтуецца да Сусветнага дня малітвы за мір


Не толькі рэлігійныя лідэры, але таксама і група бежанцаў прыме ўдзел у мерапрыемствах з нагоды Сусветнага дня малітвы за мір, якія 18-20 верасня 2016 г. пройдуць на радзіме св. Францішка, у італьянскім горадзе Асізі. 13 верасня ў Ватыкане адбылася прэзентацыя гэтай падзеі.

Паводле слоў старшыні каталіцкай дабрачыннай “Супольнасці св. Эгідзія” Марка Імпальяца, на абедзе з папам Францішкам, які пройдзе ў будынку Сакра-Канвента – духоўным цэнтры Ордэна францішканаў, акрамя рэлігійных лідэраў будуць прысутнічаць 25 асобаў, якія былі вымушаны пакінуць свае дамы ратуючыся ад вайны. Падчас закрыцця форуму сваім сведчаннем падзеліцца бежанка армянскага паходжання з сірыйскага Алепа, якая знайшла прытулак у італьянскай Таскане, дадаў ён.

З нагоды Сусветнага дня малітвы за мір у Асізі збярэцца каля 500 высокіх гасцей, сярод якіх: Патрыярх Канстантынопальскі Барталамей І, Архіепіскап Кентэрберыйскі Джасцін Уэлбі, Сірыйскі Патрыярх Антыёхіі і ўсяго Усходу Ігнацый Эфрэм ІІ, прадстаўнікі юдаізму, ісламу і будызму, а таксама вядомыя дзеячы свету палітыкі, культуры, спорту, інтэлектуалы і лаўрэаты Нобелеўскай прэміі міру. Чакаецца што на працягу двух дзён форума горад наведае каля 12 тыс. пілігрымаў.

Сярод выступоўцаў, якія возьмуць слова: Прэзідэнт Італіі Серджа Матарэла, сацыёлаг Зыгмунт Баўман, Прэзідэнт Цэнтральнаафрыканскай Рэспублікі Фостэн-Аршанжа Туадэры і многія іншыя дзеячы.

Сусветны дзень малітвы за мір сёлета будзе юбілейным – ён пройдзе ўжо ў трыццаты раз. Упершыню гэта падзея адбылася па ініцыятыве св. Яна Паўла ІІ у 1986 г. але яна не страціла сваёй актуальнасці і прадстаўнікі розных веравызнанняў зноў збіраюцца разам, каб прасіць Бога аб дары міру перад новымі выклікамі, якія турбуюць чалавецтва, у першую чаргу тэрарызму. 

Святы Айцец будзе прысутнічаць на форуме 20 верасня. Ён асабіста сустрэнецца з лідэрамі хрысціянскіх Цэркваў і іншых рэлігій, сабраных у Асізі, прыме ўдзел у малітве за мір і звернецца да прысутных з прамовай. 

Для Папы візіт на радзіму св. Францішка стане ўжо трэццім. Апошні раз ён наведаў гэты горад 4 жніўня з нагоды 800-годдзя ўстанаўлення адпусту, вядомага пад назвай “Асізскае дараванне”.








All the contents on this site are copyrighted ©.