2016-09-21 15:18:00

Папа: забойства святароў у Мексіцы – неапраўдальнае насілле


Святы Айцец глыбока засмучаны навіной пра забойства двух мексіканскіх святароў – кс. Алеха Набора Хіменэса Хуарэса і кс. Хасэ Альфрэда Суарэса-Дэла-Круса. 19 верасня 2016 г. іх целы былі знойдзены каля дарогі недалёка ад горада Поса-Рыка-дэ-Ідальга ў штаце Веракрус, на ўсходзе краіны. За дзень да гэтага яны былі выкрадзены з мясцовага касцёла разам з яшчэ адным чалавекам, які застаўся жывы.

Праз кардынала Дзяржсакратара Пьетра Параліна Францішак выказаў свае спачуванні біскупу, духавенству і ўсёй касцёльнай супольнасці дыяцэзіі Папантла, да якой належалі загінулыя. 

У спецыяльнай тэлеграме Пантыфік запэўніў у сваёй малітве аб вечным супакоі для “гэтых пастыраў Хрыста, якія сталі ахвярамі неапраўдальнага насілля”. Папа яшчэ раз рашуча асудзіў ўсе напады на жыццё і годнасць людзей і заклікаў духавенства і душпастырскіх работнікаў дыяцэзіі “працягваць выконваць касцёльную місію, наследуючы прыклад Езуса, Добрага Пастыра”. 

Паўднёвая Амерыка ўжо сёмы год падрад з’яўляецца самым небяспечным кантынентам для прадстаўнікоў Касцёла. З 2000 г. па 2015 г. тут былі забіты 396 душпастыраў, сярод якіх 5 біскупаў. У 2015 г. ад рук злачынцаў тут загінулі 7 святароў і 1 законніца.








All the contents on this site are copyrighted ©.