2016-09-26 14:20:00

Кіраўнік Залы Друку пра візіт Францішка на Каўказ


Візіт міру з экуменічным і міжрэлігійным акцэнтам – так кіраўнік Залы Друку Апостальскай Сталіцы Грэг Бёрк акрэсліў падарожжа Святога Айца ў Грузію і Азербайджан, якое пачнецца 30 верасня 2016 г. і працягнецца тры дні.

Падчас брыфінгу з журналістамі, які адбыўся 26 верасня 2016 г. у Ватыкане, ён  распавёў пра некаторыя падрабязнасці пілігрымкі Францішка на Каўказ. Прадстаўнік Апостальскай Сталіцы адзначыў, што ўсе свае звароты – якіх будзе дзесяць – Пантыфік прамовіць на італьянскай мове, а па дарозе з Баку ў Рым правядзе традыцыйную прэс-канферэнцыю на борце самалёта.

Падарожжа ў Грузію і Азербайджан стане шаснаццатым візітам Францішка за межы Італіі. Яго лейтматывам будзе тэма міру. “Папа прынясе пасланне прымірэння для ўсяго рэгіёну”, - падкрэсліў кіраўнік Залы Друку.

Гаворачы пра экуменічны характар візіту ў Грузію, ён заўважыў, што ў аэрапорце Тбілісі, акрамя прадстаўнікоў улады, Святога Айца будзе сустракаць таксама Каталікос-Патрыярх усяе Грузіі Ілья ІІ. Папа наведае Патрыяршы палац і кафедральны патрыяршы храм Грузінскай Праваслаўнай Царквы Свеціцховэлі ў старажытным горадзе Мцхета, які на працягу тысячагоддзя з’яўляўся галоўным саборам ўсёй Грузіі. Падчас сустрэчы з мясцовай супольнасцю Сіра-Халдэйскай Царквы Пантыфік будзе маліцца за сірыйскіх і іракскіх хрысціян.

У Азербайджане дамінуючым будзе міжрэлігійны аспект. У Баку Пантыфік наведае мячэць, дзе сустрэнецца з мусульманскім шэйхам Каўказа. У праграме візіту таксама сустрэча з кіраўніком мясцовай яўрэйскай супольнасці і праваслаўным епіскапам Баку.








All the contents on this site are copyrighted ©.