2016-09-28 10:49:00

Святы Айцец заклікаў да абароны мірнага насельніцтва Алепа


Францішак выказаў сваю духоўную блізкасць насельніцтву сірыйскага горада Алепа і заклікаў прыкласці ўсе сілы для абароны мірных жыхароў. З адмысловым заклікам Пантыфік звярнуўся 28 верасня 2016 г. на заканчэнне агульнай аўдыенцыі ў Ватыкане.

“Да мяне працягваюць даходзіць драматычныя навіны аб лёсе насельніцтва Алепа, з якім я адчуваю сябе паяднаным у яго пакутах праз малітву і духоўную блізкасць. Выказваючы глыбокі боль і заклапочанасць тым, што адбываецца ў гэтым спакутаваным горадзе, дзе гінуць дзеці, старыя, хворыя, моладзь, усе, зноў заклікаю прыкласці ўсе сілы для абароны мірнага насельніцтва, у якасці безумоўнага і тэрміновага абавязку. Звяртаюся да сумлення ўсіх адказных за бамбардзіроўкі, якія павінны будуць даць справаздачу перад Богам”, - сказаў Папа.

Алепа з’яўляецца другім па значэнні і першым па колькасці насельніцтва горадам у Сірыі. Баі тут працягваюцца з 2012 г., у апошнія час яны сталі нашмат больш інтэнсіўнымі ў сувязі з наступленнем сірыйскай арміі. Пры гэтым горад падвяргаецца масіраваным ударам авіяцыі, у выніку якіх ужо загінула некалькі соцень мірных жыхароў.








All the contents on this site are copyrighted ©.