2016-09-30 16:00:00

Пантыфік сустрэўся з Патрыярхам усяе Грузіі


Перад абліччам свету, які прагне міласэрнасці, адзінства і міру, Божы Провід жадае, каб сувязь, якая існуе паміж Грузінскай Праваслаўнай Царквой і Каталіцкім Касцёлам, атрымала новы запал, сказаў Францішак падчас сустрэчы з Каталікосам-Патрыярхам усяе Грузіі Ільёй ІІ. Яна адбылася 30 верасня 2016 г. у Патрыяршым палацы ў Тбілісі.

Грузінская Праваслаўная Царква, “укаранёная на апостальскім вучэнні і прыкладзе апостала Андрэя", і Каталіцкі Касцёл, “заснаваны на мучаніцтве апостала Пятра”, атрымалі ласку аднавіць “прыгажосць апостальскага братэрства”, сказаў Францішак. “Пётр і Андрэй сапраўды былі братамі: Езус заклікаў іх пакінуць рыбацкія сеткі і разам стаць “рыбакамі людзей”, - нагадаў Папа.

Любоў Хрыста перамяніла жыццё апосталаў і толькі яна дазволіць “узняцца над непаразуменнямі мінулага, разлікамі сучаснасці і страхам перад будучыняй”, адзначыў Пантыфік. “На працягу стагоддзяў грузінскі народ сведчыў аб велічы гэтай любові. У ёй знаходзіў сілы, каб уздымацца пасля незлічоных выпрабаванняў”, - дадаў ён.

“З дапамогай міру і прабачэння мы пакліканы перамагчы нашых сапраўдных ворагаў, якія не маюць цела і крыві, але з’яўляюцца духамі злосці вакол і ўнутры нас. Гэта благаслаўлёная зямля багата адважнымі героямі паводле Евангелля, якія, як св. Георгій, умелі перамагаць зло”, - сказаў Святы Айцец.

Францішак пажадаў, каб заступніцтва грузінскіх мучанікаў давала палёгку “шматлікім хрысціянам, якія ў наш час пакутуюць ад пераследу і здзекаў і умацоўвала добрае жаданне быць па-братэрску з’яднанымі дзеля абвяшчэння Евангелля супакою”.

Пасля сустрэчы ў Патрыяршым палацы Францішак накіраваўся на малітву з мясцовай супольнасцю Сіра-Халдэйскай Царквы ў храм св. Сімяона Пярсідскага ў Тбілісі.








All the contents on this site are copyrighted ©.