2016-10-01 15:35:00

Святы Айцец да хворых: вы – ўмілаваныя Бога


Дабрачынныя ініцыятывы з’яўляюцца спелым плодам Касцёла, які служыць, дае надзею і выяўляе міласэрнасць Бога, падкрэсліў Святы Айцец падчас сустрэчы з супрацоўнікамі харытатыўных структур Каталіцкага Касцёла ў Грузіі і асобамі, якім яны аказваюць дапамогу.

Яна прайшла 1 кастрычніка 2016 г. на тэрыторыі тбіліскай паліклінікі “Redemptoris Hominis”, якая належыць Ордэну рэгулярных клірыкаў служыцеляў хворых – айцам-каміліянам. У сустрэчы прынялі каля 700 чалавек.

Францішак  падзякаваў прадстаўнікам дабрачынных структур за іх працу і падкрэсліў яе экуменічнае вымярэнне. “Ваша дзейнасць – гэта шлях братэрскага супрацоўніцтва паміж хрысціянамі гэтай краіны і паміж вернікамі розных абрадаў. Гэта сустрэча на знак евангельскай любові з’яўляецца сведчаннем адзінства і спрыяе шляху да еднасці. Заклікаю вас працягваць ісці гэтым патрабавальным і плённым шляхам: бедныя і слабыя – гэта “цела Хрыста”, якое ўсклікае да хрысціян усіх канфесій, падштурхоўваючы дзейнічаць без прыватных інтарэсаў, выключна адказваючы на імпульс Святога Духа”, - сказаў Папа.

Святы Айцец таксама прывітаў хворых, старых, пакутуючых і іншых людзей, якім дапамагаюць каталіцкія дабрачынныя структуры. “Мне радасна быць з вамі і падбадзёрыць вас: Бог вас не пакіне ніколі. Ён заўсёды будзе з вамі, з гатоўнасцю выслухаць, даць сілы ў моманты цяжкасцяў. Вы – ўмілаваныя Езуса, Які пажадаў прыпадобніцца да церпячых, прыняўшы на сябе пакуты”, - адзначыў Пантыфік.

На заканчэнне сустрэчы Папа ўдзяліў прысутным благаслаўленне і асабіста прывітаў кіраўнікоў дабрачынных структур Каталіцкага Касцёла ў Грузіі.








All the contents on this site are copyrighted ©.