2016-10-12 12:40:00

Пантыфік: да культурнай рэвалюцыі праз учынкі міласэрнасці


Здзейсніць культурную рэвалюцыю з дапамогай учынкаў міласэрнасці заклікаў Святы Айцец падчас агульнай аўдыенцыі 12 кастрычніка 2016 г. на плошчы св. Пятра ў Ватыкане. 

У сваёй катэхезе Францішак нагадаў, што “не дастаткова сустрэць Божую міласэрнасць у сваім жыцці”, “трэба, каб кожны, хто яе прымае, таксама станавіўся яе знакам і прыладай для іншых”. Міласэрнасць не можа праяўляцца толькі ў асаблівых абставінах; яна павінна ахопліваць ўсё штодзённае жыццё вернікаў, перакананы ён.

Па словах Папы, “каб станавіцца сведкамі міласэрнасці, не патрэбны вялікія намаганні і звышчалавечыя ўчынкі”. Езус указаў “вельмі просты шлях, што складаецца з маленькіх жэстаў, якія, аднак, маюць настолькі вялікую каштоўнасць у Ягоных вачах, што паводле іх мы будзем асуджаны”, дадаў Пантыфік.

Спіс учынкаў міласэрнасці, змешчаны на старонках Евангелля паводле св. Мацвея, Францішак назваў “запаветам Езуса”. “Езус кажа, што кожны раз, калі даем есці галоднаму і піць прагнучаму, калі апранаем голага і прымаем падарожнага, калі адведваем хворага і прыходзім да вязня, робім гэта Яму. Касцёл назваў гэтыя жэсты “ўчынкамі міласэрнасці для цела бліжняга”, бо яны дапамагаюць людзям ў іх матэрыяльных патрэбах”, - звярнуў увагу Папа.

Ён дадаў, што існуюць таксама сем учынкаў міласэрнасці для душы бліжняга: раіць тым, хто сумніваецца, вучыць тых, хто не ведае, настаўляць грэшнікаў, суцяшаць засмучаных, зносіць цярпліва знявагу, дараваць ахвотна крыўду, маліцца за жывых і памерлых. Яны тычацца ўнутраных патрэб чалавека, якія часта выклікаюць яшчэ большыя пакуты, адзначыў Францішак.

“На працягу стагоддзяў шматлікія простыя людзі спаўнялі іх на практыцы, даючы такім чынам сапраўднае сведчанне веры. Касцёл, верны свайму Пану , сведчыць асаблівую любоў да самых бедных. Часта нашы бліжнія маюць патрэбу ў нашай дапамозе. Мы не павінны адпраўляцца на пошук невядома якіх заданняў. Лепш пачаць з самых простых, якія Пан нам указвае ў якасці найбольш тэрміновых. У свеце, які, на жаль, пакутуе ад вірусаабыякавасці, учынкі міласэрнасці з’яўляюцца лепшым проціяддзем. Яны вучаць нас увазе да элементарных патрэб самых малых з братоў, у якіх прысутнічае Езус”, - падкрэсліў Францішак. 

Святы Айцец заклікаў вернікаў быць уважлівым да найбольш патрабуючых, бо абмінаючы іх можна згубіць магчымасць сустрэчы з самім Богам. Акрамя таго, учынкі міласэрнасці абуджаюць здольнасць дзейснага сведчання аб веры.

“Я перакананы, што праз гэтыя простыя штодзённыя жэсты мы можам здзейсніць сапраўдную культурную рэвалюцыю, як гэта было ў мінулым. Калі кожны з нас штодзённа будзе рабіць адзін з іх, у свеце адбудзецца рэвалюцыя! Але трэба, каб іх рабілі ўсе! Кожны з нас! Колькіх святых яшчэ сёння памятаюць не за рэалізаваныя вялікія справы, але дзякуючы любові, якую былі здольныя сведчыць. Падумаем пра нядаўна кананізаваную Маці Тэрэзу: мы памятаем яе не дзякуючы шматлікім дамам, якія яна адкрыла ў свеце, але таму, што яна пахілялася над кожным чалавекам, якога сустракала пасярод дарогі, каб вярнуць яму годнасць. Колькі пакінутых дзяцей яна атуліла ў сваіх абдымках, колькі пракажоных суправадзіла да парогу вечнасці, трымаючы іх за руку! Гэтыя ўчынкі міласэрнасці з’яўляюцца рысамі аблічча Езуса Хрыста, Які клапоціцца пра сваіх самых малых братоў, каб прынесці кожнаму пяшчоту і блізкасць Бога”, - сказаў Папа.

Францішак заклікаў вернікаў прасіць Святога Духа, каб запаліў жаданне жыць паводле такога ладу і штодзённа здзейсняць прынамсі па аднаму ўчынку міласэрнасці. 








All the contents on this site are copyrighted ©.