2016-10-18 15:12:00

Беларускі іерарх будзе дакладчыкам на ватыканскім форуме


Тэма душпастырства пакліканняў будзе абяркоўвацца ў Ватыкане. Ёй будзе прысвечана міжнародная канферэнцыя, якая 19-21 кастрычніка 2016 г. адбудзецца па ініцыятыве Кангрэгацыі па справах Духавенства. У форуме прымуць удзел каля 300 дэлегатаў з розных краін свету. З дакладам, прысвечаным задачам пастыраў адносна пакліканняў, удзельнікаў форума пазнаёміць дапаможны біскуп Мінска-Магілёўскай архідыяцэзіі Аляксандр Яшэўскі.

Тэма канферэнцыі спасылаецца на маючы адбыцца ў кастрычніку 2018 г. Сінод Біскупа, які будзе прысвечаны пытанням моладзі, веры і распазнання паклікання, заўважыў сакратар Кангрэгацыі па справах Духавенства, арцыбіскуп Хорхэ Карлас Патрон Вонг.

Ён падкрэсліў, што душпастырства пакліканняў заключаецца ў суправаджэнні моладзі да распазнання Божай волі ў жыцці. Неабходна дагапамагаць ёй адчуць пакліканне Пана, дапамагаць адказаць на яго з шчодрасцю, сумленнасцю і асабліва з любоўю, адзначыў ватыканскі іерарх.

Арцыбіскуп Вонг, наведвае духоўныя семінарыі ва ўсім свеце. Ён прызнаўся, што знаходзіцца пад уражаннем ад таго, што пасярод секулярызацыі ў розных часткай планеты “Святы Дух нараджае сярод новага пакалення жаданне іншага ладу жыцця – ладу жыцця Езуса і Евангелля”.

Падчас ватыканскай канферэнцыі яе ўдзельнікі пазнаёмяцца з сітуацыяй пакліканняў у свеце, паразважаюць над тэалагічнымі і біблійнымі аспектамі гэтай тэмы, будуць мець магчымасць для малітвы і абмену досведам. Іх прыме на аўдыенцыі папа Францішак.








All the contents on this site are copyrighted ©.