2016-10-19 14:21:00

Біскуп Віцебскі пасля сустрэчы з Пантыфікам


Біскуп Віцебскі Алег Буткевіч 19 кастрычніка 2016 г. прыняў удзел у агульнай аўдыенцыі на плошчы Св. Пятра, пасля якой, разам з Апостальскім візітатарам для грэка-католікаў Беларусі, архімандрытам Сяргеем Гаекам, перадаў Францішку яго ж кнігу “Імя Бога – Міласэрнасць” у перакладзе на беларускую мову. 

Кароткая размова са Святым Айцом, хаця і адбывалася на працягу некалькіх хвілін, але заставіла вялікія ўражанні, падзяліўся эмоцыямі беларускі іерарх. “Вядома, для мяне вельмі прыемна было бачыць усмешку Святога Айца, які трымаў у руках сваю ж кнігу ў перакладзе на беларускую мову. Пантыфік шчыра прызнаўся, што не разумее нашай мовы, але падзякаваў за тое, што гэты пераклад адбыўся. І для нас гэта важная падзея, таму што гэта знак таго, што мы ў Беларусі ўсур’ёз успрымаем заахвочванне Папы перажыць Год Міласэрнасці, шукаючы шляхі і магчымасці для адказу на заклік Езуса Хрыста “Быць міласэрнымі, як Айцец”, - сказаў у інтэрв’ю Беларускай рэдакцыі Ватыканскага радыё біскуп Буткевіч.

Трэба нагадаць, што кніга папы Францішка “Імя Бога – Міласэрнасць” выйшла з нагоды Юбілейнага Святога Года Міласэрнасці. А яе пераклад на беларускую мову стаў адказам на яго. “Лічу, што Год Міласэрнасці быў прыняты сярод вернікаў, у тым ліку праз дзейнасць у Беларусі дабрачыннай арганізацыі “Карытас”, якая шмат сёлета зрабіла для тых людзей, якія знаходзяцца ў патрэбе. Напэўна, гэты Год быў патрэбны для паглыблення свядомасці таго, кім сапраўды з’яўляецца Бог для чалавека, што гэта не толькі суддзя, але, перш за ўсё, Той, да Каго можна ў патрэбе звярнуцца, разлічваючы на Яго зразуменне, патрымку і прабачэнне. Ну і важным момантам было для саміх сябе, для нас, хрысціянаў, адказаць на пытанне, наколькі мы здольныя заўважыць іншага чалавека, прабачыць іншаму чалавеку, аказаць яму міласэрнасць”, - адзначыў беларускі іерарх. 

Сапраўдныя плёны Года Міласэрнасці можна будзе бачыць, напэўна, і не так хутка, падкрэсліў біскуп Віцебскі, але тое, што кніга Папы ў перакладзе на беларускую мову дала адказы на шматлікія пытанні і дапамагла наблізіцца да шляху міласэрнасці, гэта відавочна. 








All the contents on this site are copyrighted ©.