2016-10-20 11:03:00

Францішку ўручылі “пастарал бедных”


Францішак атрымаў у дар “пастарал бедных” – сімвал духоўнай улады біскупа, якім ён карыстаецца падчас набажэнстваў. Яго зрабілі з металалому, знойдзенага на сметніку, жыхары трушчоб Кібера ў сталіцы Кеніі – Найробі. Пастарал, пасля агульнай аўдыенцыі 19 кастрычніка 2016 г., пачаў перэгрынацыю па італьянскіх парафіях. 

Папа атрымаў таксама зроблены з металічных адходаў табернакулюм. Ён застанецца ў Ватыкане, а яго копіі атрымаюць усе парафіі-удзельніцы малітоўнай пілігрымкі за бедных.

Ініцыятары гэтай унікальнай перэгрынацыі хочуць такім чынам нагадаць свету пра любоў Езуса да бедных і маргіналізаваных і сімвалічна паказаць, што сёння Ён прыйшоў бы на свет не ў стайні, але, верагодна, у адной з існуючых у свеце трушчоб.

У цяперашні час у бедных раёнах па ўсім свеце жывуць 1 млрд. чалавек, з якіх адна траціна ў трушчобах Афрыкі на поўдзень ад Сахары. Мяркуецца, што ў бліжэйшыя чатыры гады гэтая лічба павялічыцца на 0,5 млн. Толькі ў трушчобах Найробі жыве 2 млн. чалавек, што складае 55% жыхароў кенійскай сталіцы, без электрычнасці, водазабеспячэння і каналізацыі. У 2015 г., падчас пілігрымкі ў Афрыку, іх наведаў папа Францішак.








All the contents on this site are copyrighted ©.