2016-10-21 12:15:00

Францішак пра фундамент адзінства Касцёла


Пакора, лагоднасць і велікадушнасць – тры ключавыя элементы для будавання  адзінства ў Касцёле, падкрэсліў Францішак 21 кастрычніка 2016 г. падчас ранішняй Эўхарыстыі ў капліцы сваёй ватыканскай рэзідэнцыі. Святы Айцец заклікаў хрысціян адмовіцца ад зайздрасці, нянавісці і барацьбы.

У сваёй гаміліі Пантыфік спаслаўся на словы першага літургічнага чытання (Эф 4,1-6), у якім апостал Павел заклікае вернікаў мець “адно цела і адзін дух”. Адной з умоваў такой еднасці, на яго думку, з’яўляецца існаванне міру, што тычыцца не толькі хрысціянскай супольнасці, але таксама свету, гарадоў, раёнаў і сем’яў.

“Злы дух заўсёды сее войны. Зайздрасць, нянавісць, барацьба, плёткі – гэта тое, што знішчае мір і перашкаджае еднасці”, - сказаў Святы Айцец. Ён заклікаў наследаваць параду Апостала Народаў: “паступаць годна паклікання, якім вы пакліканы, з усёю пакораю і лагоднасцю, з доўгацярплівасцю, церпячы адзін аднаго ў любові”.

Па словах Францішка, там дзе няма пакоры, ёсць пыха, якая правакуе войны, жаданне перамагчы іншага і веру ва ўласную перавагу. “Без пакоры няма міру, а без міру, няма адзінства”, - сказаў Пантыфік.

Святы Айцец з жалем заўважыў, што людзі амаль развучыліся лагодна размаўляць і часта абгаворваюць адзін аднаго. Але важнай з’яўляецца лагоднасць, здольнасць быць цярплівымі да хібаў іншых, “рэчаў, якія нам не падабаюцца”. 

Яшчэ адным фундаментальным элементам еднасці Францішак назваў велікадушнасць: здольнасць мець вялікае сэрца, у якім хапае месца для ўсіх.

Напрыканцы сваёй гаміліі Папа нагадаў, што сапраўдным будаўніком адзінства з’яўляецца Святы Дух, але праз пакору, лагоднасць і велікадушнасць можна падрыхтаваць Яму глебу. “Гэта спосаб, годны таямніцы да якой мы пакліканы, таямніцы Касцёла”, - падкрэсліў Святы Айцец.








All the contents on this site are copyrighted ©.