2016-10-24 14:27:00

Новыя дэталі візіту Папы ў Швецыю


Застаецца некалькі дзён да пачатку двухдзённага Апостальскага падарожжа Папы ў Швецыю. Яно будзе праходзіць з 31 кастрычніка па 1 лістапада 2016 г. Гаворка ідзе пра 26-ю краіну, якую наведае Францішак і яго 17-е падарожжа за межы Італіі. Пілігрымка з’яўляецца вынікам развіцця дыялогу паміж Папскай радай спрыяння хрысціянскаму адзінству і Сусветнай лютэранскай федэрацыяй.

Візіт Святога Айца будзе прымеркаваны да 500-годдзя Рэфармацыі. Узгадаць гэту дату было вырашана ў Швецыі, бо менавіта тут, у горадзе Лунд, у 1947 г. была заснавана Сусветная лютэранская фэдэрацыя – структура, якая каардынуе дзейнасць розных Лютэранскіх Цэркваў у 78-мі краінах свету.

Пасля сустрэчы з прэм’ер-міністрам Швецыі ў аэрапорце горада Мальмё, Пантыфік наведае каралеўскую сям’ю. Улічваючы кароткі тэрмін падарожжа, некаторыя “пратакольныя” мерапрыемствы былі выключаны з яго праграмы. Напрыклад, падчас сустрэчы з шведскай манаршай сям’ёй не будзе цырымоніі абмену падарункамі. Падарунак Пантыфіка – гравюра выдадзеная з нагоды Юбілейнага Года Міласэрнасці – ўжо была адпраўлена па пошце ў каралеўскі палац.

Праграма візіту мае тры галоўныя пункты: Папа паўдзельнічае ў экуменічнай малітве ў лютэранскім катэдральным саборы ў Лундзе , прыме ўдзел у экуменічным мерапрыемстве на тэрыторыі спартыўнага комплекса ў Мальмё, узначаліць св. Імшу ў мясцовымі каталіцкім касцёле. Адпаведна прадугледжаны тры прамовы Пантыфіка: яны прагучаць на іспанскай мове з перакладам на англійскую і шведскую. 

Адлегласць паміж Лундам і Мальмё складае каля 30 км. Папа пераадолее іх на аўтобусе разам з старшынёй Сусветнай лютэранскай федэрацыі і іншымі членамі афіцыйных дэлегацыі Цэркваў. Для перамяшчэння па Мальмё Святы Айцец будзе карыстацца электрамабілем.








All the contents on this site are copyrighted ©.