2016-10-26 11:33:00

Эніа Марыконэ дасць канцэрт у Ватыкане


12 лістапада 2016 г. у ватыканскай Зале Паўла VI пройдзе другі “Канцэрт з беднымі і для бедных” – першы адбыўся 14 мая 2015 г. Падчас яго будзе выконвацца музыка двух сучасных італьянскіх кампазітараў: Эніа Марыконэ і кс. Марка Фрызіны. Арганізатары жадаюць, каб праз музыку ўзрастала насенне радасці, надзеі і салідарнасці з людзьмі, якія знаходзяцца ў патрэбе.

Мерапрыемства, якое пройдзе пад патранажам Папскай рады па новай евангелізацыі, арганізавана спецыяльна да завяршэння Юбілейнага Года Міласэрнасці, у падтрымку дабрачынных ініцыятыў: будаўніцтва новай катэдры ў Марота ва Угандзе і аграрнай школы ў Буркіна-Фасо. На гэтыя мэты пойдуць ахвяраванні наведвальнікаў канцэрта.

Аркестрам “Roma Sinfonietta” і хорам італьянскай Нацыянальнай акадэміі “Santa Cecilia” будуць дырыжыраваць самі аўтары. Кс. Марка Фрызіна прадставіць сваю музыку да кінафільма “Апакаліпсіс”, а Эніа Марыконэ – да двух сусветнавядомых кінаопусаў – “Айцец Піо” і “Місія”.

Падчас мінулагодняга канцэрту у Ватыкане ўсе ганаровыя месцы займалі не кіраўнікі дзяржаў і арганізацый, як звычайна адбываецца падчас такіх падзей, але бедныя, бяздомныя і сем’і з перыферый Рыму.








All the contents on this site are copyrighted ©.