2016-11-05 12:00:00

Папа зацвердзіў статут Папскай акадэміі жыцця


Папа Францішак зацвердзіў статут Папскай акадэміі жыцця, дыкастэрыі, заснаванай яшчэ падчас пантыфікату Яна Паўла II, 11 лютага 1994 г., місіяй якой з’яўляецца абарона і пашырэнне каштоўнасці чалавечага жыцця і чалавечай годнасці. Сюды ўваходзяць і даследаванні, і фарміраванне культуры жыцця, і дакладнае і своечасовае інфармаванне кіраўнікоў Касцёла, біямедыцынскіх навуковых інстытутаў, сацыяльных і медыцынскіх арганізацый, сродкаў масавай інфармацыі і грамадзянскай супольнасці аб найбольш актуальных выніках даследаванняў і распрацовак.

У статуце гаворыцца, што Папская акадэмія жыцця заклікана ў сваёй дзейнасці сцісла супрацоўнічаць з Рымскай курыяй, перш за ўсё, Дзяржсакратарыятам і Дыкастэрыяй па справах свецкіх, сям’і і жыцця. Акадэмія складаецца з Прэзідыума, Цэнтральнага бюро, падзеленага на дзве секцыі – навуковую і тэхніка-адміністрацыйную, – і членаў, якія таксама называюцца акадэмікамі. Прычым, першы складаецца з старшыні, канцлера і кіраўнічай рады, якіх прызначае Пантыфік.

Статутам уводзіцца функцыя касцёльнага кансультанта, прызначанага Папам тэрмінам на пяць гадоў. Яго задача заключаецца ў забеспячэнні адпаведнасці выказванняў Папскай акадэміі з каталіцкай дактрынай.

У склад Папскай акадэміі ўваходзяць звычайныя члены, члены-карэспандэнты, ганаровыя члены і маладыя даследчыкі. Звычайных членаў можа быць максімум семдзесят, яны прызначаюцца тэрмінам на пяць гадоў асабіста Святым Айцом. Узрост маладых даследчыкаў павінен быць не вышэйшы за 35 гадоў. Акадэмікі абіраюцца без любой рэлігійнай дыскрымінацыі, сярод святароў, законнікаў і свецкіх вернікаў, якія належаць да розных нацыянальнасцяў, гаворыцца ў статуце. Акадэмік не можа займацца прафесійнай палітычнай дзейнасцю ў сваёй уласнай краіне ці за мяжой.

У дакуменце абумоўлены таксама фінансавы бок дзейнасці Папскай акадэміі жыцця. Гаворка ідзе пра спецыяльны Фонд “Vitae Mysterium”, які прадастаўляе рэсурсы, неабходныя для падтрымкі дзейнасці дыкастэрыі. У выпадку дастатковай наяўнасці фінансавых сродкаў, яны могуць быць выкарыстаны для фінансавання стыпендый і іншых ініцыятыў па падрыхтоўцы кадраў у галіне біяэтыкі, асабліва з тых краін, якія развіваюцца, або абласцей, у якіх культура жыцця мае вялікую патрэбу ў падтрымцы.

Пантыфік зацвердзіў статут на тэрмін пяці гадоў. Дакумент уступіць у сілу 1 студзеня 2017 г.








All the contents on this site are copyrighted ©.