2016-11-11 10:43:00

У Беларусі падводзяць вынікі Году Міласэрнасці


13 лістапада 2016 г. завяршаецца Святы Юбілейны Год Міласэрнасці. Ва ўсім свеце будуць зачынены Брамы міласэрнасці. Плённа прашоў гэты Год у Каталіцкім Касцёле. У Пінскай дыяцэзіі, яна вялікая тэрытарыяльна, былі адчынены некалькі Брамаў Міласэрнасці – прыкладна праз кожныя сто кіламетраў: у Пінску, Гомелі, Брэсце, Лагішыне, Баранавічах, Іванаве, Бярозе, нагадаў Біскуп Пінскі Антоній Дзям’янка ў інтэрв’ю Беларускай рэдакцыі Ватыканскага радыё. Але ўсе дыяцэзіі ў Беларусі перажывалі Юбілей Міласэрнасці ў агульным жаданні адчыніць дзверы да Хрыста як мага большай колькасці людзей. 

“У гэтых рэгіёнах на працягу ўсяго года збіраліся вернікі з бліжэйшых парафій і пад каардынацыяй кусташаў гэтых святыняў праходзілі набажэнствы. Але гэта не толькі малітоўныя сустрэчы, мы рабілі акцэнт на тое, што ў Год Міласэрнасці людзі павінны практыкаваць справы міласэрнасці, як гэта адбывалася ў нашай дыяцэзіі. Напрыканцы Года я накіраваў ліст падзякі ў парафіі, да вернікаў, якія адказалі на заклік і разважалі над учынкамі міласэрнасці для душы і цела ”, - паведаміў біскуп Дзям’янка.

Малітвы, сустрэчы, канферэнцыі: тэме міласэрнасці ў Беларусі прысвяцілі ўвесь мінулы год. Але рэалізаваць міласэрнаць кожнаму праз свае ўчынкі – адна з галоўных яго мэтаў. Да практычных спраў у Пінскай дыяцэзіі адносіцца першы і да гэтага адзіны ў Беларусі каталіцкі Дом міласэрнасці для пажылых. 40 жыхароў і 20 супрацоўнікай – установе існуе ўжо 5 год. А сёння гэта не проста задача, а абавязак захоўваць такую форму дапамогі, упэўнены Біскуп Пінскі. 

“Таксама ў Баранавічах сёстры Святой Сям’і кожны дзень выдаюць пасілкі для патрабуючых людзей, часам да 60 гарачых абедаў, нават завозяць дамоў да ляжачых хворых. Сёстры міласэрнасці ў Брэсце апякуюцца беднымі. У Гомелі пабудаваны цэнтр для дзяцей-інвалідаў, ад якіх адмовіліся бацькі, а зараз будуецца на сродкі “Карытас” рэабілітацыйны цэнтр для іх. Там таксама працуюць каталіцкія манахіні – сёстры бэнэдыктынкі-самарытанкі”, - паведаміў іерарх.

Звярнуць увагу на справы міласэрнасці і не баяцца дапамагаць бліжнім – гэта таксама пасланне Святога Юбілейнага Года. Ён, дарэчы, для Пінскай дыяцэзіі стаў плённым: адразу некалькі храмаў прынялі, або хутка прымуць вернікаў. “Касцёл у Жлобіне над Днепрам – вернікі 70-тысячнага горада чакалі яго 70 гадоў. Таксама касцёл св. Юзафа ў Брэсце над Бугам – новы храм у новым мікрараёне. Рыхтуецца таксама да асвячэння касцёл у Гарадцы, недалёка ад Кобрына, там храм быў знішчаны. Адбудаваны Касцёл XVIII стагоддзя ў Воўчыне, які быў зруйнаваны. Таксама вернікі каля Пінска ў Крывічах атрымалі магчымасць маліцца ў сваёй капліцы. Гэта таксама такая Божая ласка для вернікаў нашай дыяцэзіі ў гэтым Годзе Міласэрнасці”, - запэўніў пастыр Пінскай дыяцэзіі. 

Пералічаць можна шмат: вяртанне святыняў, дапамога хворым, праца з патрабуючымі, рэабілітацыя бяздомных, духоўная апека над дзецьмі – усё гэта і ўчора, і сёння – практычна будні шматлікіх і шматлікіх каталіцкіх святароў, законніц, вернікаў. Але Святы Год Міласэрнасці давёў, што і метадаў, і магчымасцяў для рэалізацыі Божай ласкі – нашмат больш. Трэба толькі самому адчыніць ёй дзверы. 








All the contents on this site are copyrighted ©.