2016-11-17 10:53:00

Пантыфік сустрэўся з Патрыярхам Асірыйскай Царквы Усходу


Папа Францішак прыняў на аўдыенцыі Патрыярха Асірыйскай Царквы Усходу Мар Гіваргіса ІІІ. Сустрэча прайшла 17 лістапада 2016 г. у Апостальскім палацы Ватыкана. Падчас яе адбылася прыватная размова, абмен падарункамі, прагучалі прамовы.

Адной з галоўных тэм сустрэчы была сітуацыя на Блізкім Усходзе, дзе, як заўважыў Папа, сотні тысяч нявінных людзей становяцца ахвярамі жудасных і крывавых канфліктаў, якія не можа апраўдаць нічога. “Там нашы браты і сёстры хрысціяне, а таксама розныя рэлігійныя і этнічныя меншасці, на жаль, прызвычаіліся штодзённа пакутаваць ад вялікіх выпрабаванняў”, - падкрэсліў Францішак.

Заклікаючы да спынення пакут, Святы Айцец адзначыў прыклад мужнасці і вытрываласці мясцовых вызнаўцаў Хрыста, якія дэманструюць, што “ў цэнтры нашай веры заўсёды знаходзіцца прысутнасць Езуса, Які нават у сітуацыі канфлікту, заклікае жыць любоўю, прымірэннем і прабачэннем”. 

“Гэтаму мы вучымся ад мучанікаў і тых, хто яшчэ сёння, нават коштам уласнага жыцця, застаецца верным Пану і з Яго дапамогай перамагае зло дабром. Мы ўдзячныя гэтым нашым братам, якія падштурхоўваюць ісці шляхам Езуса, каб перамагаць непрыязнасць. Як кроў Хрыста, пралітая з любові, прымірыла і паяднала, учыніўшы росквіт Касцёла, так і кроў мучанікаў з’яўляецца зернем адзінства хрысціян. Яна кліча нас самаахвярна і з братэрскай любоўю працаваць дзеля адзінства”, - сказаў Папа.

Францішак высока ацаніў развіццё двухбаковых адносін паміж Каталіцкім Касцёлам і Асірыйскай Царквой Усходу, сведчаннем якіх з’яўляецца падпісанне ў 1994 г. Янам Паўлам ІІ і Патрыярхам Мар Дзінкха IV сумеснай хрысталагічнай дэкларацыі. Святы Айцец выказаўся за працяг дыялогу з мэтай дасягнення поўнай эўхарыстычнай еднасці. Папа таксама адзначыў важнасць супрацоўніцтва паміж Цэркавамі ў дабрачыннай і евангелізацыйнай сферы.

Асірыйская Царква Усходу налічвае каля 500 тыс. вернікаў, якія пражываюць на тэрыторыі Блізкага Усходу, Еўропы, Паўночнай Амерыцы і Аўстраліі. Рэзідэнцыя Патрыярха знаходзіцца ў іракскім горадзе Эрбіль.








All the contents on this site are copyrighted ©.