2016-11-22 10:48:00

Папа зацвердзіў тэму наступных Сусветных дзён моладзі


Папа Францішак зацвердзіў тэму Сусветных дзён моладзі, якія пройдуць у Панаме ў 2019 г. Гэта будуць словы Найсвяцейшай Панны Марыі з Евангелля паводле св. Лукі: “Вось я, слуга Пана. Няхай мне станецца паводле твайго слова” (Лк 1,38). 

Акрамя таго, Пантыфікам былі зацверджаны тэмы Сусветных дзён моладзі, якія ў бліжэйшыя два гады будуць адзначацца на дыяцэзіяльным узроўні. Яны таксама звязаны з марыйнай тэматыкай: “Вялікае ўчыніў мне Усемагутны” (Лк 1,49) – на 2017 г. і “Не бойся, Марыя, бо знайшла Ты ласку ў Пана” (Лк 1,30) – на 2018 г.

Яшчэ на заканчэнне Сусветных дзён моладзі ў Кракаве ў 2016 г. Францішак казаў пра важнасць наследавання прыкладу Маці Божай. У гэтым кантэксце ён заклікаў юнакоў і дзяўчат: памятаць пра мінулае, быць адважнымі ў сучаснасці, а таксама мець надзею на будучыню і быць такой надзеяй для іншых.

Падрыхтоўка да Сусветных дзён моладзі ў Панаме ўжо пачалася. Ужо вядома, што часам правядзення форума напэўна будзе не лета, а студзень, люты або сакавік, таму што ў звычайную для яго правядзення пару ў Панаме сезон дажджоў.








All the contents on this site are copyrighted ©.