2016-11-24 14:44:00

Францішак: імперыя пыхі і высакамернасці падзе


Амаральнасць – гэта форма блюзнерства, сцвердзіў папа Францішак 24 лістапада 2016 г., падчас ранішняй Эўхарыстыі ў Ватыкане. Пантыфік заўважыў, што на працягу апошняга тыдня літургічнага году Касцёл заклікае вернікаў да разважання пра канец свету і ўласнага жыцця на зямлі.

У сваёй гаміліі Святы Айцец спаслаўся на літургічнае чытанне з Апакаліпсіса св. Яна, у якім гаворка ідзе пра тры галасы. Першым з’яўляецца ўскліканне анёла: “Упаў, упаў вялікі Бабілён, стаўся жыллём дэманаў і прыстанішчам усякага нячыстага духа, і прыстанішчам усякай нячыстай птушкі, і прыстанішчам усякага нячыстага звера, што абуджае агіду” (Ап 18,2).

Паводле Папы, сапсутасць і амаральнасць, якія сталі прычынамі такога падзення, гэта блюзнерскі лад жыцця, дзе няма месца Богу; яно аддаецца бажкам грошай, дабрабыту, эксплуатацыі. Але ўся гэта марнасць падзе. “Імперыя пыхі, высакамернасці – падзе, як паў сатана”, - дадаў ён.

Іншы голас – гэта голас людзей, якія праслаўляюць Пана. “Гэта моцны голас праслаўлення, адарацыі Божага народу, які збаўляецца, а таксама народу пілігрымуючага, які яшчэ на зямлі: Божага народу грэшнага, але не сапсутага, грэшнага, але здольнага прасіць аб прабачэнні, грэшнага, але які шукае збаўлення Езуса Хрыста”, - заўважыў Святы Айцец.

Апошні голас, на які спаслаўся Папа, гэта шэпт анёла, які кажа аўтару біблійнага тэксту напісаць: “Шчаслівыя пакліканыя на вясельную вячэру Ягняці” (Ап 19,9). Пантыфік параўнаў гэты ласкавы голас з голасам Бога, Які з лагоднасцю запрашае вернікаў на сваю вячэру. “Няхай Пан дасць нам ласку чакання гэтага голасу, падрыхтоўкі да таго, каб пачуць словы: “Прыходзь, верны слуга, грэшны, але верны. Прыходзь на вячэру свайго Пана”, - сказаў Францішак на заканчэнне сваёй гаміліі.








All the contents on this site are copyrighted ©.