2016-12-08 12:35:00

Выйшлі новыя нормы адносна фармацыі святароў


Фармацыя святароў павінна адрадзіцца, абнавіцца, і атрымаць цэнтральнае месца, гэта некаторыя з прычын, якія натхнілі распрацоўку новых асноўных нормаў святарскай фармацыі – “Ratio fundamentalis institutionis sacerdotalis”. Дакумент быў абнародаваны 8 снежня 2016 г., ва Урачыстасць Беззаганнага Зачацця Найсвяцейшай Панны Марыі, Кангрэгацыяй па справах духавенства. 

На думку прэфекта дыкастэрыі, кардынала Беньяміна Стэлы, новыя нормы з’яўляюцца эфектыўным інструментам для “інтэгральнай фармацыі” святара. Яны збалансаваным чынам спалучаюць у сабе чалавечае, духоўнае, інтэлектуальнае і душпастырскае вымярэнні на паступовым і персаналізаваным адукацыйным шляху, адзначыў іерарх у інтэрв’ю “Osservatore Romano”. Папярэднія “Ratio” былі апублікаваны ў 1970 г., у 1985 г. у дакумент былі ўнесены змены.

Не можна быць святаром без балансу розуму і сэрца, без эмацыйнай сталасці, заўважыў кардынал Стэла, гаворачы аб асноўных прынцыпах святарскай падрыхтоўкі, закладзеных у новыя палажэнні. Гэта адносіцца да чалавечага вымярэння фармацыі. Тэкст падкрэслівае важнасць і неабходнасць дбайных распазнання і адбору кандыдатаў. Задача складаецца ў тым, каб прапанаваць працэс цэласнага фарміравання, дапамагчы чалавеку стаць сталым у кожным аспекце. І тут можа дапамагчы практыка так званага “прэпэдэўтычнага часу” перад уступленнем у семінарыю, што станоўча зарэкамендавала сябе ў многіх краінах. 

Такім чынам, у дадатак да ўжо вядомых: “фазы навучання філасофіі”, “фазы навучання тэалогіі” і “душпастырскай фазы”, былі дададзены “вучнёўская фаза”, “фарміравальная фаза” і “фаза падсумоўвання паклікання”, кожная з якіх адпавядае зместу фармацыі, накіраванай на засваенне вобразу добрага пастыра. Карацей кажучы, сказаў кардынал Стэла, каб быць добрым святаром, у дадатак да экзаменаў, патрэбна чалавечая, духоўнай і пастырская сталасць.

Іерарх назваў тры ключавыя словы, якія характарызуюць новыя “Ratio”. Першае – “чалавечнасць”. Семінарыст павінен быць па-чалавечы ўраўнаважаным, спакойныя і устойлівым. Толькі тады з яго вырасце сапраўдны, верны, унутрана свабодны, эмацыйна ўстойлівы, здольны навязваць адносіны з людзьмі і жыць паводле Евангелля святар. 

Другое слова – “духоўнасць”. Святар – гэта не “актывіст”, лідэр, рэлігійны арганізатар ці службовая асоба, ён вучань Пана, чыё жыццё і чыё служэнне заснаваныя на глыбокіх адносінах з Богам і наследаванні Хрыста Добрага Пастыра. 

Трэцяе слова – “разважлівасць”. Той, хто ідзе па шляху Евангелля, павінен пераўзыходзіць ідэалагічнае стаўленне, разумеючы, што жыццёвыя працэсы і сітуацыі не могуць быць класіфікаваны паводле “нягібкіх” узораў або абстрактных правіл. Тут патрэбны слуханне, дыялог і тлумачэнне душэўных рухаў, падкрэсліў прэфект Кангрэгацыі па справах духавенства.

Іерарх пажадаў святарам, не грэбаваць малітвай, клапаціцца пра сваё ўнутранае жыццё, заставацца адкрытымі для людзей і не прыпыняць святарскай фармацыі ні на адзін дзень.








All the contents on this site are copyrighted ©.