2016-12-09 13:32:00

Святы Пасад і Маўрытанія ўсталявалі дыпадносіны


“Апостальская Сталіца і Ісламская Рэспубліка Маўрытанія, жадаючы забяспечыць сяброўскія ўзаемаадносіны, вырашылі на аснове агульнай згоды ўсталяваць дыпламатычныя адносіны, на ўзроўні Апостальскай нунцыятуры Святога Пасаду і Пасольства Ісламскай Рэспублікі Маўрытанія”, - гаворыцца ў афіцыйнай ватыканскай заяве.

Маўрытанія – дзяржава ў Заходняй Афрыцы, якая мяжуе з Заходняй Сахарай на паўночным захадзе, з Сенегалам на паўднёвым захадзе, з Алжырам на паўночным усходзе, з Малі на поўдні і ўсходзе.

Па палітычным ладзе – гэта ісламская рэспубліка. Па канстытуцыі, прынятай у 1991 г., кіраўніком дзяржавы з’яўляецца прэзідэнт, абіраны насельніцтвам на 5-гадовы тэрмін. Парламент – двухпалатны: Сенат, які абіраецца на 6-гадовы тэрмін, і Нацыянальны сход – на 5-гадовы тэрмін.

99,5% насельніцтва вызнаюць іслам, 0,2% – традыцыйныя племянныя рэлігіі, 0,3% – хрысціянства. Католікаў тут 0,2%. Гэта каля 4-5 тыс. чалавек, большая частка якіх з’яўляюцца замежнікамі з Еўропы і краін Заходняй Афрыкі. На тэрыторыі Ісламскай Рэспублікі 18 снежня 1965 г. Святы Пасад заснаваў дыяцэзію Нуакшот, вылучыўшы яе з Апостальскай прэфектуры Сен-Луі-дэ-Сенегал. Дыяцэзія тэрытарыяльна адпавядае межам Маўрытаніі і складаецца з 7 парафій. Біскупскай сталіцай з’яўляецца горад Нуакшот з катэдральным касцёлам св. Юзафа.

Прыбыццё першых каталіцкіх місіянераў ў Маўрытанію звязана з еўрапейскай каланізацыяй Заходняй Афрыкі. У XV ст. тут сталі ўзнікаць партугальскія і іспанскія паселішчы, якія з’яўляліся перавалачнымі базамі для вывазу рабоў-афрыканцаў. Разам з гандлярамі ў Маўрытанію прыбывалі каталіцкія святары, якія ў асноўным забяспечвалі пастырскую апеку еўрапейцаў. У 1783 г. паводле ўмоў Версальскага міру тэрыторыя цяперашняй Маўрытаніі адышла да Францыі. У 1920 г. Маўрытанія стала часткай Французскай Заходняй Афрыкі.

Падчас каланізацыі тут утвараліся каталіцкія структуры. У 1763 г. была заснавана Апостальская прэфектура Сенегала, якая ў 1963 г. стала дыяцэзіяй Сен-Луі-дэ-Сенегал. Праз два гады ў Маўрытаніі была ўтворана свая дыяцэзія. З 1958 г. тут працуюць святары з манаскай кангрэгацыі Святога Духа.

Дзейнасць Каталіцкага Касцёла ў Маўрытаніі, якая з’яўляецца мусульманскай краінай, не абмежавана мясцовым заканадаўствам, акрамя адной умовы: ёсць забарона навяртаць ў каталіцызм мусульман і адкрываць адукацыйныя ўстановы. Каталіцкі Касцёл мае ў краіне культурныя цэнтры, дзіцячыя дашкольныя ўстановы і бібліятэкі.








All the contents on this site are copyrighted ©.