2016-12-10 12:16:00

Святы Пасад заклікае краіны АБСЕ да справядлівасці і міру


Сакратар па адносінах Святога Пасаду з дзяржавамі, арцыбіскуп Пол Рычард Галахер прыняў удзел у 23-м пасяджэнні Савета міністраў замежных спраў АБСЕ, якое праходзіла 8-9 снежня 2016 г. у нямецкім Гамбургу і было прысвечана абмеркаванню тэрміновых эканамічных і палітычных пытанняў міжнароднага характару.

У сваім выступленні іерарх падкрэсліў, што Святы Пасад падтрымае любую ініцыятыву, якая будзе імкнуцца спрыяць ідэалам міру, супрацоўніцтва і стабільнасці, і дадаў, што гэтая пазіцыя датычыць усіх трох вымярэнняў, у якіх ажыццяўляе сваю дзейнасць АБСЕ, - захавання бяспекі, вырашэння эканамічных і прыродаахоўчых праблем, барацьбы з тэрарызмам і любымі праявамі насілля.

Для захавання міру і бяспекі, упэўнены прадстаўнік Апостальскай Сталіцы, неабходна забяспечыць большы ўдзел жанчын у міратворчых працэсах, а таксама прызнаць моцны патэнцыял рэлігій у прадухіленні канфліктаў і пабудове мірнага грамадства, дапусціць адпаведныя структуры да ўдзелу ў канструктыўным дыялогу паміж дзяржавамі.

У чарговы раз арцыбіскуп Галахер перасцярог, што ў аснове вострых эканамічных і экалагічных праблем ляжыць парушэнне годнасці і правоў чалавека. Эканамічная і сацыяльная ізаляцыя вядзе да жорсткасці і канфліктаў, а карупцыя перакрэслівае любыя маральныя прынцыпы і прымушае пакутаваць найбольш бедныя слаі насельніцтва, робячы іх ахвярамі культуры адчужэння. Таму Святы Пасад заклікае да абароны асноўных правоў і свабод чалавека і барацьбы з любымі відамі дыскрымінацыі і бачыць у гэтым галоўную ўмову для забеспячэння міру і дабрабыту ў грамадстве.

Арцыбіскуп Галахер выказаў занепакоенасць наяўнасцю невырашаных ваенных канфліктаў у шэрагу краін-членаў АБСЕ, у прыватнасці, напружанай сітуацыяй ва Украіне, закрануў пытанні тэрарызму і арганізаванай міжнароднай злачыннасці. Гэтыя з’явы выклікаюць іншую праблему – моцную хвалю міграцыі. Паўтараючы заклік папы Францішка, ватыканскі іерарх запрасіў кіраўніцтвы дзяржаў не разглядаць мігрантаў выключна як небяспечны фактар, а аб’ектыўна прызнаваць станоўчы ўнёсак, які могуць рабіць бежанцы ва ўсе сферы жыцця прымаючых іх краін. “Дыялог і ўзаемнае прыняцце з’яўляюцца асноўнымі і неад’емнымі элементамі паспяховай інтэграцыі”, - заключыў сакратар па адносінах Святога Пасаду з дзяржавамі.








All the contents on this site are copyrighted ©.