2016-12-14 10:23:00

У Адвэнт гомельская парафія дапамагла хворай дзяўчынцы


250 тыс. долараў неабходна сабраць бацькам 3-гадовай Кіры Куруленка з Буда-Кашалёва: дзяўчынка хворая на нейрабластому чацвёртай стадыі – дзіцячы рак. Такія велізарныя грошы патрэбны на лячэнне антыцеламі ў ізраільскай клініцы. Свой унёсак ва ўратаванне адзінага дзіцяці маладых бацькоў зрабілі і гомельскія католікі. Як паведаміў Беларускай рэдакцыі Ватыканскага радыё пробачш парафіі Нараджэння Божай Маці, ксёндз-прэлат Славамір Ласкоўскі, да яго звярнуліся валанцёры з просьбай нейкім чынам дапамагчы бацькам Кіры. 

“Гэта было ў канцы лістапада, як раз калі пачынаўся Адвэнт, і ў маім сэрцы ўзнікла думка, што гэта цудоўна, бо ў Адвэнце вельмі добра, калі кожная парафія робіць разам адну добрую справу, каб грунтоўна дапамагчы камусьці ў патрэбе, зрабіць учынак міласэрнасці”, - гаворыць кс. Славамір.

Каб дапамагчы Кіры, у трэцюю нядзелю Адвэнта валанцёры зладзілі ў касцёле дабрачынны кірмаш, таксама на лячэнне дзяўчынкі былі накіраваны ўсе ахвяраванні, сабраныя пасля святых Імшаў у нядзелю. Яшчэ напярэдадні пробашч заклікаў вернікаў збіраць багацці не на зямлі, а на Нябёсах, і таму не скупіцца на ахвяраванні.

У цэлым у касцёле атрымалася сабраць каля трох з паловай тысяч беларускіх рублёў. Больш за паўтары тысячы долараў парафія з радасцю пералічыла на рахунак дзяўчынкі. Цікава, што звычайна ў нядзелі вернікі збіраюць на патрэбы парафіі ў пяць разоў меншыя сумы ахвяраванняў.

Гомельскі пробашч нагадаў, што Адвэнт – гэта не Вялікі пост, а час радаснага чакання прыйсця Пана, але да гэтага таксама варта рыхтавацца праз малітву, пост і міласціну: 

“Гэтыя тры ўчынкі дапамагаюць зрабіць сэрца больш скрушаным, пакорным, адкрытым на Духа Святога, які хоча, каб мы былі не толькі тымі, якія чакаюць, але і тымі, хто дзейнічае разам з Панам, які прыйшоў. Валадарства Божае ўжо ёсць між намі, у нашых сэрцах, і гэта акцыя была канкрэтным знакам таго, што частка Божага Валадарства ў нашай парафіі ўжо ёсць. Сабраная сума сведчыць аб тым, што ў сэрцы нашых парафіянаў уважлівыя да патрэбаў іншых, і я вельмі ўдзячны вернікам за шчодрасць. Гэта добры знак таго, што Божы Дух дзейнічае ў нашых сэрцах”, - лічыць ксёндз-прэлат.

Бацькі Кіры пакуль не ведаюць аб колькасці сабранай у касцёле сумы, бо знаходзяцца разам з дачкой, якая цяпер працягвае лячэнне, у Маскве. У цэлым на рахунак дзяўчынкі, пасля шматлікіх акцый, паступіла ўжо больш за 72 тыс. долараў, але каля 178 тыс. яшчэ неабходна сабраць. Чарговая акцыя пройдзе 17 снежня ў родным горадзе Кіры – дабрачынны канцэрт адбудзецца ў буда-кашалёўскім раённым доме культуры. Усе ахвяраванні ад гледачоў паступяць на рахунак дзяўчынкі.

Павел Міцкевіч, Пінская дыяцэзія








All the contents on this site are copyrighted ©.