2016-12-18 13:30:00

У Дзень нараджэння Папа паразмаўляў па “Skype” з вязнямі


Францішак атрымаў віншаванні з 80-годдзем ад вязняў турмы ў Падуі. Зняволеныя звязаліся са Святым Айцом з дапамогай праграмы “Skype”. Размова адбылася 17 снежня 2016 г. вечарам праз звычайны смартфон. Павіншаваць Пантыфіка сабраліся каля 60 чалавек – вязні, супрацоўнікі турмы і валанцёры. 

Зняволеныя прызналіся, што моляцца за Папу і назвалі яго “дарам Святога Духа”. Яны распавялі, што яго словы і штодзённае сведчанне заўсёды ўмацоўваюць іх надзею і мары, дапамагаючы пераадоліць штодзённую стомленнасць.

Францішак падзякаваў за віншаванні і нагадаў, што надзея “ніколі не расчаруе”. Нават, калі “знаходзішся ў цемры і бачыш перад сабой толькі мур, трэба хапацца за надзею, якая здольная разбурыць усе муры”, дадаў Папа.

У свой Дзень нараджэння Святы Айцец таксама сустрэўся з групай рымскіх бяздомных, якія былі запрошаны ў яго ватыканскую рэзідэнцыю на снеданне.








All the contents on this site are copyrighted ©.