2016-12-22 14:25:00

Міласэрнасць беларусаў стала глыбей і шырэй


Старшыня Канферэнцыі Каталіцкіх Біскупаў у Беларусі, арцыбіскуп Тадэвуш Кандрусевіч рыхтуе афіцыйны адкрыты зварот наконт праекта дакумента аб этычных нормах медыцынскіх супрацоўнікаў, у якім прапісана забарона дэманстраваць сваю рэлігійную прыналежнасць і насіць рэлігійныя знакі і сімвалы. Праект пастановы Міністэрства аховы здароўя да 29 снежня 2016 г. знаходзіцца на абмеркаванні, таму пакуль не позна, трэба ўнесці ў яго праўкі, паведаміў на прэс-канферэнцыі па выніках адыходзячага года Мітрапаліт Мінска-Магілёўскі.

“Я ацэньваю гэты дакумент вельмі негатыўна. Найбольшую турботу выклікае тое, што хочуць афіцыйна забароніць медыцынскім супрацоўнікам насіць адзнакі рэлігійнай прыналежнасці. Піва рэкламаваць можна, водку можна. Я ў гэтым бачу толькі тое, што гэта новая дыскрымінацыя вернікаў. Гэта датычыцца не толькі католікаў, але і праваслаўных, пратэстантаў і іншых прадстаўнікоў канфесій і рэлігій”, - сказаў ён. 

Яшчэ адным праблемным пытаннем іерарх назваў кампанію барацьбы супраць будаўніцства каталіцкага храма ў мінскім мікрараёне Зялёны Луг. Адстойваць сваё права на будаўніцтва прадстаўнікі Касцёла будуць, размаўляючы з уладамі горада, адзначыў беларускі іерарх.

“Мне не зразумелы гэты пратэст. Ён, магчыма, паказвае таксама духоўны вобраз нашага народа. Так, добра касцёл недзе, а калі тут побач, мы ўжо не хочам. Вядома, Касцёл выступае за экалогію, мы ўсе за экалогію, Папа напісаў энцыкліку аб абароне экалогіі. Але, каб гэта абарона была сапраўднай, трэба яшчэ казаць пра экалогію душы, а да гэтага вядзе Касцёл. Я бачу, што з боку тых “зялёных” – гэта неразуменне сітуацыі і нават больш  –  барацьба з Касцёлам”, - пракаментаваў праблему іерарх.

Увогуле 2016 год быў насычаным на пазітыўныя падзеі: святкаванне 25-годдзя аднаўлення структур Касцёла і Юбілейны Год Міласэрнасці – усё гэта пакінула свой адбітак на духоўным жыцці вернікаў, якія падтрымалі і паглыбілі культ Божай міласэрнасці ў краіне, адзначыў Мітрапаліт.

“Ён вельмі моцна пашырыўся і развіўся на нашай зямлі. Акрамя культу і таксама жыццё з Божай міласэрнасцю: споведзь, Святая Камунія, сведчанне Божай міласэрнасці. Святы Айцец Францішак заклікае, каб, дазнаўшыся Божай міласэрнасці, быць яе сведкамі, несці яе іншым людзям”, - заўваў арцыпастыр.

Што датычыцца надыходзячага, 2017 г., то Беларусь у верасні стане пляцоўкай масштабнага форума – Рады Канферэнцыі Каталіцкіх Біскупаў Еўропы, якая збярэ каля 75 удзельнікаў, пры гэтым большая частка з іх – кардыналы і біскупы. Рашэнне аб прадастаўленні Мінску магчымасці правядзення Рады было прынята на папярэднім форуме ў Манака і стала сваеасаблівым прызнаннем ролі Каталіцкага Касцёла Беларусі ў Еўропе і свеце, адзначыў Мітрапаліт.

“Таксама гэта вельмі вялікая падзея для краіны, бо яшчэ ніколі такой колькасці біскупаў і кардыналаў не было ў Беларусі, ніколі не адбывалася тут такого пасяджэння. Гэта такі "Сабор" еўрапейскіх біскупаў адбудзецца ў Мінску. А калі мы прыгадаем, што 30 год таму тут быў адзін касцёл на Кальварыйскіх могілках і не было біскупа, то гэта напамін аб словах Божай Маці, сказаных у Фаціме, аб адраджэнні нашага краю, духоўным адраджэнні”, - сказаў арцыбіскуп Тадэвуш Кандрусевіч, Мітрапаліт Мінска-Магілёўскі.   

2017 г. пройдзе ў Каталіцкім Касцёле пад знакам важнага юбілею – стагоддзя аб’яўлення Маці Божай Фацімскай, як успаміну пра тыя папярэджвані ўсяму свету – наступствы адыхода чалавецтва ад веры могуць быць трагічнымі і незваротнымі. Малітоўная навэнна да Маці Божай Фацімская ўжо пачалася і працягнецца 9 месяцаў.   








All the contents on this site are copyrighted ©.