2016-12-23 11:32:00

Мітрапаліт Кандрусевіч звярнуўся да Міністра аховы здароўя


22 снежня 2016 г. Мітрапаліт Тадэвуш Кандрусевіч накіраваў адкрыты ліст на імя Міністра аховы здароўя Рэспублікі Беларусь Васіля Жарко. У ім старшыня каталіцкага епіскапату выказвае непакой і крытыку адносна Праекта нормаў медыцынскай этыкі і дэанталогіі, паведаміў сайт Каталіцкага Касцёла ў Беларусі catholic.by

У адкрытым лісце Мітрапаліт Кандрусевіч прадставіў пазіцыю Касцёла адносна этыкі, якая “ўстанаўлівае і ацэньвае нормы паводзінаў чалавека з пункту гледжання іх маральнасці”, і перасцярог перад капіраваннем “заганнага і небяспечнага заходняга досведу”.

“Мы прыходзім да парадоксу, што ва ўмовах свабоды веравызнання, якое гарантуе Канстытуцыя, у тым ліку і медыкам, прапануюцца нормы, якія супярэчаць асноўнаму заканадаўству, шматвекавой традыцыі верацярпімасці і талерантнасці нашага народа”, - адзначыў арцыбіскуп.

Дадзены праект, як сцвярджае Мітрапаліт, “можа прывесці да напружанасці на рэлігійным фоне, распачаць прыгнёт асобаў, якія вызнаюць шматвекавыя духоўныя каштоўнасці, закладзеныя ў аснову нашай культуры і ідэнтычнасці, і паўсюдна выражаюцца ў рэлігійных сімвалах”.

Старшыня каталіцкага епіскапату лічыць, што ў Праекце нормаў медыцынскай этыкі і дэанталогіі “не дастаткова адлюстраваны маральныя прынцыпы, якімі павінны кіравацца медыцынскія працаўнікі, а таксама парушаны правы веруючых і таму ён патрабуе грунтоўнай перапрацоўкі”.








All the contents on this site are copyrighted ©.