2016-12-24 12:23:00

Першы транш “папскай дапамогі” для Украіны на святы


Першы транш дапамогі ахвярам гуманітарнага крызісу ва Украіне будзе размеркаваны ад імя папы Францішка на Божае Нараджэнне. Аб гэтым паведаміла Папская рада “Cor Unum”. Гаворка ідзе пра 6 мільёнаў еўра, якія размяркуюць сярод 2 мільёнаў жыхароў усходняй Украіны, незалежна ад іх рэлігійнай і этнічнай прыналежнасці, у першую чаргу, у Данецкім, Луганскім, Запарожскім, Харкаўскім і Дняпроўскім рэгіёнах.

Грошы паступаюць з фонду, сфарміраванага пасля абвешчанага 24 красавіка 2016 г. Папам збору сродкаў у касцёлах усёй Еўропы для ахвяр канфлікту ва Украіне. Вернікі ахвяравалі ў той дзень 12 мільёнаў еўра. Для таго, каб размеркаваць дапамогу быў прызначаны мясцовы тэхнічны камітэт з цэнтрам у Запарожжы, на чале з дапаможным біскупам Харкаўска-Запарожскай дыяцэзіі Янам Сабілам, які супрацоўнічаў у гэтым пытанні з Апостальскім нунцыем у Кіеве, арцыбіскупам Клаўдыё Гуджэроцці.

Камітэт, які дзейнічае з ліпеня, адабраў праекты хрысціянскіх дабрачынных арганізацый і міжнародных устаноў, якія будуць фінансавацца з сабраных грошай. Гэта – 20 “буйнамаштабных” праектаў – да 250 тыс. еўра кожны, – і 39 ініцыятыў салідарнасці – да 20 тыс. еўра, – у галіне харчовай дапамогі, забеспячэння жыллём, медыцынскай і гігіенічнай падтрымкі.

Згодна з апошняй справаздачай Упраўлення Вярхоўнага камісара Арганізацыі Аб’яднаных Нацый па справах бежанцаў, канфлікт, які ўсё яшчэ працягваецца на ўсходзе Украіны, з красавіка 2014 г. да 1 снежня 2016 г. прынёс 9758 смяротных ахвяр, 22 779 чалавек атрымалі раненні.

Абвяшчаючы ў красавіку 2016 г. збор ахвяраванняў на карысць ахвяр канфлікту ва Украіне, Пантыфік падкрэсліў, што гэты акт міласэрнасці мае на мэце не толькі палягчэнне матэрыяльнага становішча, але і спрыянне міру і павазе да правоў мірнага насельніцтва, перш за ўсё, пажылых людзей і дзяцей.








All the contents on this site are copyrighted ©.