2016-12-24 14:15:00

Кардынал: Папа перакананы ў правільнасці шляху


“Францішак перакананы, што ідзе правільным шляхам, і мы будзем падтрымліваць яго”, - сказаў у перадсвяточным інтэрв’ю нямецкаму каталіцкаму агенцтву “KNA” кардынал Рэйнхард Маркс. Старшыня мясцовага епіскапату падсумаваў 2016 год. У якасці адной з самых важных падзей ён прызнаў публікацыю „Amoris laetitia”, паслясінадальнай адгартацыі папы Францішка.

На пытанне, якой удакладняючай інтэрпрэтацыі можна чакаць ад нямецкіх біскупаў, кардынал Маркс адказаў, што тэкст дакументу “не такі незразумелы, як кажуць некаторыя”.

На яго думку, Папа жадае новага душпастырскага погляду на рэальнасць. “У душпастырстве павінна фарміравацца і паважацца рашэнне, прынятае ў свядомасці асобна ўзятага чалавека. Разведзеныя, якія жывуць у паўторных грамадзянскіх саюзах не павінна да канца жыцця быць забетанаванымі ў тупіку, незалежна ад шляху, якім пайшлі”, - лічыць член Рады кардыналаў па дапамозе Святому Айцу ў кіраванні Касцёлам. Ён дадаў, што трэба ў святле Евангелля больш уважліва прыглядзецца да іх часта вельмі цяжкай жыццёвай сітуацыі, што можа ўключаць у сябе таксама магчымае карыстанне з сакрамэнту пакаяння і Святой Камуніі.

Падводзячы вынікі году, старшыня нямецкага епіскапату таксама пацвердзіў, што Касцёл у Германіі падтрымлівае гуманітарны падыход урада да праблемы бежанцаў. Ён адзначыў, аднак, што біскупы “ніколі не сцвярджалі, што нібыта ў Германіі можна прыняць усіх бежанцаў свету”. Па словах кардынала Маркса, варта разгледзець пытанне аб тым, што рабіць, каб людзі не павінны былі бегчы са сваіх краін.








All the contents on this site are copyrighted ©.