2016-12-27 15:33:00

Еўрапейскі форум моладзі – упершыню ў краіне былога Саюза


28 снежня 2016 г., з удзелам каля 15 тыс. чалавек з усёй Еўропы ў Рызе пачнецца 39-я Еўрапейская сустрэча моладзі, арганізаваная экуменічнай супольнасцю з Тэзэ. Падчас форуму, які будзе доўжыцца да 1 студзеня 2017 г. пройдуць тэматычныя сустрэчы з прадстаўнікамі свету рэлігіі і палітыкі, малітвы і канцэрты. Яго тэмай з’яўляецца ўдзел моладзі ў пашырэнні міру і салідарнасці ў свеце.

Пяць дзён моладзь будзе жыць у сем’ях і школах. У дадатак да рэлігійных сустрэч прадугледжана багатая культурная праграма. У навагоднюю ноч пройдзе “Малітва за мір ва ўсім свеце” і “Фестываль народаў”. Акрамя сустрэч у парафіях маладыя людзі будуць збірацца для малітвы ў Выставачным цэнтры “Кіпсала” і “Рыга-Арэне”.

“Еўропа знаходзіцца ў крызісе, і менавіта таму наша сустрэча ў Рызе будзе заклікам да Латвіі і да маладых людзей, якія прыедуць да нас, каб мы вярнуліся да сваіх хрысціянскіх фундаментаў”, - сказаў арцыбіскуп мітрапаліт Рыжскі Збігнеў Станкевіч. Дарэчы, у арганізацыю сустрэчы ўключыліся тры арцыбіскупы: лютэранскі, праваслаўны і каталіцкі, а таксама біскуп баптысцкай Царквы.

Балтыйская краіна ўпершыню з’яўляецца гаспадаром Еўрапейскай сустрэчы. Акрамя таго, форум, арганізаваны “Тэзэ” ніколі дагэтуль не праводзіўся ў краіне былога Савецкага Саюза.

Паводле ватыканскіх дадзеных, з каля 2 млн. жыхароў Латвіі католікамі сябе лічаць больш за 400 тыс. Такім чынам вернікі Каталіцкага Касцёла з каля 20% насельніцтва складаюць большасць сярод рэлігійных супольнасцяў краіны. Тут, у чатырох дыяцэзіях, працуе 127 дыяцэзіяльных і 26 законных святароў.

Еўрапейскія сустрэчы моладзі, арганізаваныя супольнасцю з Тэзэ, праходзяць з 1978 г. на рубяжы старога і новага года, кожны раз у іншым горадзе кантынента. У 2007 г. яна адбылася ў Жэневе – калысцы супольнасці “Тэзэ”, а ў 2008 г. – у Бруселі. Месцам Еўрапейскага форуму ў 2009 г. быў абраны польскі горад Познань. У 2010 г. ён прайшоў у галандскім Ратэрдаме. А ў 2015 г. – у іспанскай Валенсіі.

Экуменічная супольнасць у Тэзэ вядомая сваімі медытацыйнымі малітвамі і музыкай. Яна заснавана на прынцыпе сціплага жыццёвага ўзору і салідарнасці паміж хрысціянскімі супольнасцямі. Да яе належаць каля 100 мужчын, пратэстантаў і католікаў, з 25 краін. Яе прыёрам з’яўляецца 60-гадовы немец, брат Алоіз Лазэр.








All the contents on this site are copyrighted ©.