2016-12-27 14:06:00

Святы Айцец напісаў да маладых удзельнікаў сустрэчы “Тэзэ”


Францішак напісаў пасланне да моладзі, якая будзе ўдзельнічаць у традыцыйнай сустрэчы, арганізаванай рухам “Тэзэ” (Taizé) на завяршэнне года. Пяцідзённы малітоўны форум пачнецца 28 снежня 2016 г. у Рызе. 

Пантыфік нагадаў, што ў латвійскай сталіцы сабраліся маладыя людзі з кожнай часткі Еўропы, а таксама з шэрагу іншых кантынентаў. Ужо 39-я па ліку сустрэча “Тэзэ” чарговы раз становіцца месцам рэфлексіі і малітвы. У пасланні гучыць заклік да моладзі, не дазволіць нікому скрасці ў сябе надзею, што Папа агучваў ужо неаднойчы. Пан заўсёды робіць стаўку на будучыню, на заўтра, і заклікае глядзець у бок гарызонту.

Святы Айцец падзякаваў удзельнікам форуму за тое, што мелі мужнасць пакінуць свае зручныя дамы, каб адказаць пілігрымкай даверу на заклік Духа Божага. Маладыя праваслаўныя, пратэстанты і католікі зрабілі гэта, каб пражыць святочны час у рэальным братэрстве, прадэманстраваць сваё жаданне быць галоўнымі дзеючымі асобамі гісторыі, самім вырашаць сваю будучыню. Папа заклікаў цвёрда стаяць у надзеі, дазваляючы Пану жыць у сэрцы і ў паўсядзённым жыцці. З Езусам, верным сябрам, Які ніколі не расчароўвае, маладыя людзі будуць у стане ісці па шляху да будучыні з радасцю, прысвячаючы свае таленты і здольнасці на карысць ўсіх, лічыць Францішак.

Сёння многія людзі збянтэжаныя і шакаваныя насіллем, несправядлівасцю, пакутамі і падзеламі ў свеце. У іх ёсць уражанне, што зло мацнейшае за ўсё. І Святы Айцец запрасіў моладзь паказаць жыццём і справамі, што зло не мае апошняга слова ў нашай гісторыі. У гэты час ласкі для ўсіх і кожнага ніхто не можа думаць, што ён ці яна адчужаны ад блізкасці Бога і сілы Яго пяшчотнай любові, гаворыцца ў папскім пасланні.

Францішак спадзяецца, што гэтыя дні, праведзеныя моладдзю разам у латвійскай сталіцы, дазволяць кожнаму не баяцца абмежаванняў і расці ў даверы да Езуса Хрыста, Які верыць у чалавека. Пантыфік спаслаўся на прыклад брата Ражэ, заснавальніка супольнасці ў Тэзэ, і заклікаў маладых людзей быць сведкамі, будаваць масты сяброўства і рэалізаваць любоў, з якой Бог падыходзіць да нас. Святы Айцец удзяліў сваё благаслаўленне ўсім удзельнікам сустрэчы.

Кожны год напярэдадні Новага года хрысціянская супольнасць з Тэзэ ў Францыі праводзіць Міжнародныя сустрэчы хрысціянскай моладзі ў адным з еўрапейскіх гарадоў. На такія форумы збіраюцца ад 30 да 60 тыс. маладых людзей з усіх краін Еўропы, каб у малітве сустрэць надыходзячы год.

Упершыню Еўрапейская сустрэча адбудзецца на беразе Балтыйскага мора. У Рызе, горадзе з доўгай лютэранскай традыцыяй жывыя глыбокія сувязі паміж рознымі хрысціянскімі дэнамінацыямі. Запрашэнне было падпісана сумесна прадстаўнікамі Рыма-каталіцкай, Праваслаўнай, Евангелічна-лютэранскай і Баптысцкай Цэркваў у Латвіі. Упершыню Еўрапейская сустрэча будзе праводзіцца ў месцы, дзе шмат праваслаўных вернікаў.








All the contents on this site are copyrighted ©.