2016-12-29 10:52:00

Раство ў гомельскай глыбінцы: малітва ў хаце, імша па радыё


Да гомельскай парафіі Нараджэння Божай Маці належаць населеныя пункты, што размешчаны за дзесяткі кіламетраў ад абласнога цэнтра. На ўрачыстасці Божага Нараджэння, Вялікадня, а таксама падчас Адвэнту і Вялікага посту гомельскі пробашч наведвае сваіх самых далёкіх парафіянаў. Гаворка ідзе аб каталіцкіх вёсках Рудня Нісімкавіцкая (Чачэрскі раён) і Рудня Стаўбунская (Веткаўскі раён), жыхары якіх ужо каля 250 гадоў захоўваюць веру, нягледзячы на пераследы і іншыя цяжкасці. 

Праўда, вёскі выміраюць, і цяпер, па сутнасці, жывой засталася толькі Рудня Нісімкавіцкая. Зараз там жыве 15 католікаў, паведаміў Беларускай рэдакцыі Ватыканскага радыё пробашч гомельскай парафіі Нараджэння Божай Маці кс. Славамір Ласкоўскі.

“Раней, калі я першы раз прыехаў у гэту вёску ў 1990 годзе, мяне сустрэлі тут каля 60 католікаў. Сёння бяда ў тым, што ў вёсцы няма ніякіх дзяцей, толькі старыя. Гэтыя людзі праз усе гады пераследу Касцёла жылі сапраўды захоўваючы веру, перадавалі яе сваім дзецям, і многія з іх цяпер наведваюць касцёл у Гомелі. І зараз, падчас перыяду Божага Нараджэння, я наведваў вяскоўцаў, для мяне гэта вельмі цёплыя сустрэчы, бо ў руках гэтых людзей – старадаўнія кніжкі, па якіх маліліся яшчэ іх бацькі. Гэта сапраўдны цуд хрысціянскага жыцця, таму што ў 1937 годзе з Рудні Нісімкавіцкай забралі ўсіх веруючых мужчын – каго расстралялі, каго саслалі. І жанчыны, якія засталіся, вельмі мужна цярпелі ўсе выпрабаванні, не паддаваліся гнёту, шмат з іх захавалі веру і перадалі дзецям. Таму я сустракаюся з сапраўднымі сведкамі, мучанікамі, і ў той жа час вельмі сціплымі людзьмі”, - распавёў пробашч.

Кс. Славамір прызнаецца, што калі накіроўваецца на Божае Нараджэнне ў гэтыя вёскі, едзе нібы ў Бэтлеем, і бачыць, што Пан Бог можа зрабіць у сэрцах простых і пакорных – як у бэтлеемскіх пастушкоў. І святкуюць там вельмі сціпла, але па-асабліваму: ўсе католікі разам збіраюцца ў адной хаце на Вігілію, дзеляцца аплаткам, спяваюць калядныя песні, а назаўтра таксама разам моляцца, чытаюць Літаніі, Ружанец, і Евангелле – як і ў кожную нядзелю, калі святар не можа прыехаць да вяскоўцаў. І так знаходзяцца ў адзінстве з усім Касцёлам.

Дарэчы, св. Імшу ў вёсках кожную нядзелю слухаюць па радыё, бо выбрацца ў Гомель, каб патрапіць у святыню, атрымліваецца не часта. У такім рэжыме вясковыя вернікі працягваюць сваё рэлігійнае жыццё самастойна, бо наступны раз святар зможа прыехаць да іх толькі падчас Вялікага посту.

Павел Міцкевіч, Пінская дыяцэзія.








All the contents on this site are copyrighted ©.