2016-12-30 14:12:00

Смутная статыстыка года: на 41% больш забітых душпастыраў


Прынамсі 31 асоба, з тых, якія служылі з душпастырскай апекай ў Каталіцкім Касцёле, была забіта ў 2016 г. у розных краінах свету. Гэта значнае павелічэнне – на 41% у параўнанні з 2015 г., калі – па дадзеных штогадовага даследавання ватыканскага місійнага агенцтва “Fides” – іх было 22, на 9 менш.

Амаль палова з іх – святары. Сёлета іх загінула 14 – на аднаго больш, чым годам раней. Вельмі значна, больш чым у два разы, узрасла колькасць загінулых законніц – з 4 да 9. Сярод мучанікаў у гэтым годзе больш свецкіх вернікаў, задзейнічаных у душпастырстве – 7, у той час як год таму іх было 5. Жыццё аддаў таксама нігерыйскі семінарыст. Паводле “Fides”, за апошнія 15 гадоў загінулі 396 асоб, якія выконвалі душпастырскае служэнне, у тым ліку 5 біскупаў.

Смутнае першынства ў гэтых адносінах ужо на працягу 8 гадоў утрымлівае Амерыка, у асноўным Лацiнская. У 2016 г. там загінулі 16 людзей Касцёла, з якіх найбольш, па меншай меры 7, у тым ліку 3 святары – у Мексіцы. У Афрыцы налічваецца 8 такіх ахвяр, у Азіі – 6, у тым ліку чатыры сястры Місіянеркі Любові, якіх расстралялі ў сакавіку ў Емене. Акрамя таго, у Еўропе, у Францыі, загінуў у ліпені ад рук ісламскіх фундаменталістаў кс. Жак Амель.








All the contents on this site are copyrighted ©.