2016-12-31 13:07:00

Памёр першы пасля вайны нунцый у балтыйскіх краінах


Ва ўзросце 84 гадоў 30 снежня 2016 г. у Рыме памёр адзін з самых вопытных папскіх дыпламатаў, іспанскі арцыбіскуп Хуста Мульёр Гарсія. За сваю доўгую кар’еру ў дыпламатычнай службе Апостальскай Сталіцы ён у 1991-94 гг. быў нунцыем у Літве, Латвіі і Эстоніі – у якасці першага пасляваеннага прадстаўніка Святога Айца ў балтыйскіх рэспубліках, неўзабаве пасля аднаўлення імі незалежнасці.

Будучы дыпламат нарадзіўся 8 мая 1932 г. Іспаніі. Быў пасвечаны ў святары ў 1954 г. Пасля некалькіх гадоў душпастырскага служэння ў Іспаніі, у 1957 г. ён пачаў навучанне ў Папскай касцёльнай акадэміі, дзе рыхтуюць ватыканскіх дыпламатаў. Пасля яе заканчэння працаваў у Дзяржаўным Сакратарыяце Апостальскай Сталіцы, атрымліваў дыпламатычную практыку ў розных нунцыятурах.

У 1979 г. Ян Павел II прызначыў яго Апостальскім нунцыем у Кот-д’Івуары, надаючы яму годнасць арцыбіскупа. Па сумяшчальніцтве іерарх быў таксама нунцыем у Нігеры. У 1985-1991 гг. Гарсія з’яўляўся сталым назіральнікам Святога Пасаду пры установах Арганізацыі Аб’яднаных Нацый у Жэневе. На гэтай пасадзе 30 лістапада 1991 г. яго застала прызначэнне Апостальскім нунцыем у Літве, Латвіі і Эстоніі з сядзібай у Вільнюсе. На той дзень прайшло толькі некалькі месяцаў ад часу аднаўлення рэспублікамі незалежнасці, пасля амаль 50 гадоў панавання савецкага рэжыму. 15 красавіка 1992 г. арцыбіскуп Мульёр Гарсія стаў таксама Апостальскім адміністратарам Эстоніі. Як нунцый іерарх у верасні 1993 г. прымаў Яна Паўла II, калі той наведваў тры балтыйскія краіны.

У 1994 г. арцыбіскуп вярнуўся да працы ў Дзяржсакратарыяце, але 2 красавіка 1997 г. Святы Айцец зноў прызначыў яго нунцыем, на гэты раз у Мексіцы, затым у 2000-07 гг. іерарх быў кіраўніком Папскай касцёльнай акадэміі, якую сам некалі скончыў. 13 кастрычніка 2007 г. арцыбіскуп Мульёр Гарсія выйшаў у адстаўку.








All the contents on this site are copyrighted ©.