2017-01-02 14:19:00

Тыдзень малітваў аб еднасці хрысціян пройдзе ва ўсім свеце


На тэму “Прымірэнне – любоў Хрыста ахапіла нас”, узятую з Другога Паслання да Карынцянаў, з 18 па 25 студзеня 2017 г. ва ўсім свеце будзе праводзіцца Тыдзень малітваў аб еднасці хрысціян. Таксама і ў Беларусі хрысціяне розных канфесій будуць наведваць храмы брацкіх Цэркваў і маліцца разам за поўнае і бачнае адзінства паслядоўнікаў Хрыста. Сёлета тэксты для экуменічнай малітвы падрыхтавалі хрысціяне Германіі.

Як адзначае ў сваіх матэрыялах нямецкая падрыхтоўчая камісія, на гэты год прыпадае 500-годдзе Рэфармацыі, што знайшло ў іх сваё адлюстраванне. Тут падкрэсліваецца два аспекты: з аднаго боку прысутнічае цэлебрацыя Божай любові і ласкі, што звяртае ўвагу на асноўны клопат Цэркваў, якія выраслі з Рэфармацыі Марціна Лютэра, а з іншага боку, у матэрыялах падкрэсліваецца боль, выкліканы наступнымі глыбокімі падзеламі, што паўплывалі на Касцёл, з адкрытым указаннем на віну і крокі на шляху да прымірэння.

З 81 млн. жыхароў Германіі 50 млн. – хрысціяне. Каля адной траціны – гэта лютэране, адна траціна з’яўляюцца католікамі, і менш трацінф не вызнаюць ніводнай з рэлігій. 1,7% насельніцтва складаюць праваслаўныя, яшчэ 1,8% належаць да адной з так званых свабодных цэркваў, 4,9% нямецкага насельніцтва – гэта мусульмане, 0,1% – юдэі.

Упершыню ідэя міжканфесійнай малітвы аб адзінстве хрысціян з’явілася ў ХІХ ст. У цяперашнім фармаце Тыдзень малітваў праводзіцца з 1908 г. па ініцыятыве кс. Пола Уотсана. Сёння, гэта цыклічнае святкаванне экуменізму. Кожны год, з 18 да 25 студзеня, хрысціяне розных канфесій ва ўсім свеце збіраюцца разам на экуменічных набажэнствах, малітвах, канферэнцыях, канцэртаах і іншых мерапрыемствах.








All the contents on this site are copyrighted ©.