2017-01-04 12:17:00

Святы Айцец: міжусобіцы ў Бразіліі выклікаюць трывогу


Папа выказаў шкадаванне ў сувязі з кровапралітнымі мафійнымі міжусобіцамі, якія мелі месца ў першыя дні 2017 года ў турме Манаўса. “Учора з Бразіліі надыйшлі драматычныя навіны аб разні, якая мела месца ў турме ў Манаусе, дзе жорсткія сутыкненні паміж варагуючымі групоўкамі выклікалі дзесяткі смерцяў. Я хацеў бы выказаць свой смутак і трывогу з-за таго, што адбылося”, - сказаў Францішак 4 студзеня 2017 г. на заканчэнне агульнай аўдыенцыі ў Ватыкане. 

Пантыфік заклікаў вернікаў маліцца за загінулых, за іх сем’і і ўсіх зняволеных турмы, а таксама за людзей, якія там працуюць. Турмы павінны быць “месцамі рэабілітацыі і сацыяльнай рэінтэграцыі, а ўмовы жыцця зняволеных павінны быць вартыя чалавека”, - падкрэсліў ён.

У Бразіліі па меншай меры 60 вязняў сталі ахвярамі разборак двух мафіёзных кланаў у турме Манауса ў цэнтральнай Амазоніі. Прадстаўнікі мясцовага наркакартэля ўзялі ў закладнікі 12 ахоўнікаў і 74 вязняў з картэля горада Сан-Паўлу.

“Я заклікаю вас маліцца за загінулых зняволеных і за ўсіх асоб, пазбаўленых волі па ўсім свеце. Няхай турмы будуць на самой справе месцамі сацыяльнай рэінтэграцыі”, - заклікаў яшчэ раз Папа.








All the contents on this site are copyrighted ©.