2017-01-06 12:21:00

125-годдзе кс. Адама Станкевіча: застаўся верным пакліканню


6 студзеня спаўняецца 125 гадоў з дня нараджэння кс. Адама Станкевіча – слыннага каталіцкага святара, лідэра “Беларускай хрысціянскай дэмакратыі”, аднаго з заснавальнікаў "Таварыства беларускай школы", энтузіяста ўвядзення і выкарыстання беларускай мовы ў Касцёле. Жыццё гэтага грамадска-палітычнага дзеяча, выдаўца, гісторыка, публіцыста і літаратуразнаўцы скончылася трагічна: яго закатавалі ў ГУЛАГу. 

Пра ролю вядомага святара ў тагачасным грамадстве і Касцёле Беларускай рэдакцыі Ватыканскага радыё распавёў загадчык кафедры ўсеагульнай гісторыі Гомельскага дзяржаўнага ўніверсітэта імя Скарыны, кандыдат гістарычных навук, дацэнт Станіслаў Чаропка.

“Адам Станкевіч з’яўляецца адной з сапраўды велізарнейшых постацей у беларускай гісторыі – як грамадскай, так і касцёльнай. Як святар ён адыграў вялікую ролю ў стварэнні “беларускага” Касцёла. Бо Касцёл з’яўляецца адначасова і паўсюдным, і нацыянальным. І Адам Станкевіч зрабіў велізарны шлях, каб паўсюдны Касцёл стаў сваім і для беларусаў. На гэтым шляху ён сутыкнуўся з агромістымі праблемамі, з ганеннямі, але ён здолеў годна выстаяць і данесці да беларусаў слова Хрыста на беларускай мове”, - адзначыў навуковец.

Апрача гэтага кс. Адам з’яўляўся і адным са стваральнікаў беларускай нацыі, упэўнены гісторык. Ён лічыць, што імя Адама Станкевіча можна паставіць у адзін шэраг з імёнамі Багушэвіча, Дуніна-Марцынкевіча, Купалы, Коласа.
“Постаць Адама Станкевіча не менш важная, бо ўсю сваю энергію ён прыклаў на тое, каб беларускі народ адчуў сябе нацыяй. Гэта чалавек, якому ў яго рэлігійнай і грамадскай дзейнасці давялося сутыкнуцца з вялікім супрацьдзеяннем як з боку як польскіх, так і рэвалюцыйных савецкіх уладаў. І знаходзячыся паміж гэтымі двума агнямі ён здолеў застацца вялікім чалавекам. І яго смерць у савецкіх лагерах паказвае, што ён да канца застаўся верным сваім прынцыпам і свайму святарскаму пакліканню”, - дадаў гісторык.

Адам Станкевіч нарадзіўся ў 1892 г. у Ашмянскім павеце – цяпер гэта Смаргонскі раён. Юнак скончыў духоўную семінарыю ў Вільні, рыма-каталіцкую духоўную акадэмію ў Петраградзе і атрымаў святарскае пасвячэнне ў 1914 г. Ужо падчас вучобы ў Петраградзе ён стаў старшынёй беларускага гуртка і адным з заснавальнікаў і лідэраў “Хрысціянскай дэмакратычнай злучнасці”, якая пазней атрымала назву “Беларуская хрысціянская дэмакратыя”. У 1917 г. адным з першых перайшоў да казанняў на беларускай мове пры правядзенні набажэнстваў, за што падвяргаўся ганенням з боку польскіх касцёльных уладаў. 3 1919 г. выкладаў рэлігію ў Віленскай беларускай гімназіі, быў рэдактарам газеты “Крыніца”. Пазней кс. Адам стаў адным з кіраўнікоў Беларускага нацыянальнага камітэта ў Вільні, узначальваў Таварыства беларускай школы, выдаваў часопіс “Хрысціянская думка”. У 1944 г. кс. Адам быў упершыню арыштаваны савецкімі рэпрэсіўнымі органамі і неўзабаве адпушчаны, а ў 1949 г. арыштаваны другі раз, абвінавачаны ў антысавецкай дзейнасці і асуджаны на 25 гадоў пазбаўлення волі. Зняволенне адбываў у віленскай турме Лукішкі, потым у Азярлагу ў Іркуцкай вобласці Расіі, дзе памёр у канцы 1949 г.

Павел Міцкевіч, Пінская дыяцэзія.








All the contents on this site are copyrighted ©.