2017-01-07 13:40:00

Міланская архідыяцэзія рыхтуецца да візіту Святога Айца


Міланская архідыяцэзія рыхтуецца за візіту Францішка. У рамках падрыхтоўкі да гэтай падзеі шукаюцца 3000 валанцёраў ва ўзросце ад 18 да 70 гадоў. Адмысловыя ўлёткі былі распаўсюджаны ва ўсіх парафіях горада. “Гасціннасць у тваіх руках”, - гаворыцца ў змешчаным у іх звароце да вернікаў.

Добраахвотнікі будуць задзейнічаны ў ахове парадку, аказанні дапамогі прысутным на сустрэчах з Пантыфікам, спрашчэнні доступу да месцаў, якія будзе наведваць Наступнік св. Пятра. Для іх будуць арнанізаваны фармацыйныя сустрэчы пры парафіях.

Падчас запланаванага на 25 сакавіка 2017 г. пастырскага візіту ў Мілан, Францішак мае намер сустрэцца з людзьмі з перыферый грамадства. Першымі стануць дзве сям’і з шматпавярховікаў ва ўсходняй частцы горада. 

Затым Пантыфік сустрэнецца з прадстаўнікамі цыган, а таксама мігрантамі і членамі мусульманскай супольнасці. Пасля наведвання некалькіх камер турмы Сан-Віторыа, Святы Айцец паабедае са зняволенымі.

Сустрэча з жыхарамі Мілана адбудзецца каля поўдня на плошчы перад катэдрай. Перад гэтым Францішак наведае сабор, каб памаліцца перад Найсвяцейшым Сакрамэнтам і прамовіць да прысутнага ў храме духавенства архідыяцэзіі; ён адкажа таксама на пытанні святароў.

У другой палове дня, Пантыфік узначаліць св. Імшу на былым іпадроме ў Монце, а затым – на футбольным стадыёне Сан-Сіра – сустрэнецца з маладымі людзьмі, якія рыхтуюцца да прыняцця сакрамэнту канфірмацыі.

Міланская архідыяцэзія з 5 мільёнамі католікаў з’яўляецца найбольш важнай у Італіі пасля Рыма. Апошнім Пантыфікам, які наведаў Мілан быў Бэнэдыкт XVI. Гэта адбылося 1-3 чэрвеня 2012 г. з нагоды Сусветнай сустрэчы сем’яў. Св. Ян Павел ІІ наведваў кафедру св. Амброзія двойчы: у 1983 і 1984 гадах.

Праз два месяцы пасля міланкага візіту, 27 мая 2017 г. Святы Айцец адправіцца ў іншы італьянскі горад – Геную.








All the contents on this site are copyrighted ©.