2017-01-07 11:00:00

Пантыфік наведае чарговую рымскую парафію


Пасля больш чым гадавога перапынку папа Францішак працягне наведваць рымскія парафіі. Вечарам 15 студзеня 2017 г. Святы Айцец накіруецца ва ўсходнюю перыферыю Вечнага горада, у раён Сэттэвіле-дзі-Гвідонія, каб сустрэцца з супольнасцю мясцовай парафіі Найсвяцейшай Панны Марыі. Аб гэтым паведамілі ў Зале Друку Апостальскай Сталіцы.

Пантыфік не здзейсняў душпастырскіх візітаў у парафіі Рыма на працягу ўсяго Года Міласэрнасці, які працягваўся ў Каталіцкім Касцёле з 8 снежня 2015 г. па 20 лістапада 2016 г. Апошняй перад Юбілеем ён наведаў парафію Панны Марыі Каралевы Супакою ў Остыі – прыгарадзе італьянскай сталіцы. Гэта адбылося 3 мая 2015 г.

Францішак ужо быў у раёне Сэттэвіле-дзі-Гвідонія. 16 сакавіка 2014 г. ён наведваў мясцовую парафію Маці Божай Малітвы. У праграме яго чатырохгадзіннага візіту былі сустрэчы з хворымі, дзецьмі, вялікай групай моладзі і неакатэхуменальнымі супольнасцямі. Біскуп Рыма паспавядаў некалькі чалавек і ўзначаліў св. Імшу.

Раён Сэттэвіле-дзі-Гвідонія знаходзіцца за рымскай кальцавой дарогай. У ім пражывае шмат моладзі. У той жа час тут існуе недахоп сацыяльных структур, пачытаючы ад школ, месцаў сустрэч і паркаў. Мясцовыя жыхары праводзяць шмат часу на працы, што ставіць асаблівыя душпастырскія выклікі.








All the contents on this site are copyrighted ©.