2017-01-09 11:50:00

Францішак даў тры духоўныя заданні вернікам


Хрысціянскае жыццё простае: не трэба рабіць дзіўных ці складаных рэчаў. Дастаткова ставіць Езуса ў цэнтр нашых штодзённых рашэнняў, падкрэсліў Святы Айцец 9 студзеня 2017 г. падчас ранішняй Эўхарыстыі ў капліцы сваёй ватыканскай рэзідэнцыі – першай пасля перапынку, звязанага з ўрачыстасцю Божага Нараджэння. 

У сваёй гаміліі Францішак заўважыў, што хрысціяне пакліканы пазнаваць і распазнаваць Езуса ў сваім жыцці і шматлікіх жыццёвых сітуацыях. Не дастаткова ведання толькі гісторый святых або аб’яўленняў, якія “не ўсе з’яўляюцца сапраўдным”. “Святыя – важныя, але галоўны – гэта Езус Хрыстус!”, - сказаў Папа і заклікаў вернікаў паразважаць наколькі Езус прысутны ў іх жыцці, якія адносіны маюць з Панам.

Пантыфік прапанаваў выканаць тры заданні, “каб упэўніцца, што Езус знаходзіцца ў цэнтры нашага жыцця”. Першае: “пазнаваць Езуса, каб распазнаць Яго”. У свой час многія не пазналі Хрыста: настаўнікі закону, першасвятары, кніжнікі, садукеі, некаторыя фарысеі. Больш за тое, яны нават пераследавалі Яго, нагадаў Францішак.

“Трэба спытаць сябе: мне цікава пазнаваць Езуса? Ці можа мяне больш цікавіць які-небудзь серыял, плёткі, амбіцыі ці знаёмства з жыццём кагосьці іншага?”, - сказаў Папа. Паводле яго слоў, у пазнаванні Хрыста важнай з’яўляецца малітва, штодзённае чытанне Евангелля, якое карысна заўсёды мець пры сабе. Усё гэта будзе зернем узыйсці якому дапаможа Святы Дух, лічыць Пантыфік.

Другое заданне – гэта адарацыя. Важна не толькі звяртацца да Езуса з просьбамі і падзякамі, але таксама адараваць Хрыста ў маўчанні і ачышчаючы сэрца ад рэчаў, якія перашкаджаюць гэтаму, якія цікавяць больш.

Нарэшце ў якасці трэцяга задання, Папа заклікаў хрысціян ісці за Езусам, як першыя вучні, якіх Ён паклікаў. “Хрысціянскае жыццё – простае. Яно вельмі простае, але нам патрэбна ласка Святога Духа, каб абудзіла ў нас жаданне пазнаваць Езуса, адараваць Езуса і ісці за Езусам”, - абагульніў Пантыфік на заканчэнне сваёй гаміліі.








All the contents on this site are copyrighted ©.